Бяспека цэнтральнаеўрапейскага рэгіёну будзе галоўнай тэмай падчас візіту прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Польшчы, — сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі ў эфіры Польскага Радыё. На яго думку, ёсць некалькі пытанняў для абмеркавання, якія тычацца бяспекі:

«За ўсходняй мяжой Польшчы працягваецца расійска-ўкраінскі канфлікт. І гэта, безумоўна, пераважная праблема. Таксама пытанні, звязаныя з НАТА — функцыянаваннем Польшчы ў НАТА і іншых краін-саюзнікаў. Для прэзідэнта Трампа важна, колькі члены Альянсу выдаткоўваюць на абарону. І мы, безумоўна, будзем казаць аб тым, як стымуляваць развіццё абароннай сістэмы НАТА».

Кіраўнік польскай дыпламатыі адзначыў, што матыў падаўжэння тэрміну прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы з'явіўся яшчэ ў ходзе перамоваў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам. Па словах Вітальда Вашчыкоўскага, «Польшча спадзяецца, што прэзідэнт Трамп прадставіць канцэпцыю пэўных перспектыў, але таксама ўпэўненая, што на працягу найбліжэйшых гадоў будуць прынятыя і рэалізаваныя канкрэтныя рашэнні па гэтым пытанні».

На думку Вашчыкоўскага, дыскусія наконт таго, ці пераканаўча амерыканскі прэзідэнт запэўнівае саюзнікаў па НАТА ў тым, што ЗША, у выпадку неабходнасці, прыйдуць ім на дапамогу, з'яўляецца штучнай. Бо аб амерыканскай салідарнасці сведчаць, у ліку іншага, памеры выдаткаў на ўзбраенне. «Замест рыторыкі я цяпер аддаю перавагу пяці тысячам амерыканскіх жаўнераў на тэрыторыі Польшчы», — сказаў Вашчыкоўскі.

Трамп прыедзе з візітам у Польшчу на пачатку ліпеня. На перамовах з ім, акрамя тэмы бяспекі, будуць закранутыя таксама пытанні эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?