Паўночная Карэя вызваліла амерыканскага студэнта Ота-Фрыдэрыка Уормбіра, асуджанага на 15 гадоў за спробу скрасці агітацыйны плакат, піша ВВС.

«Па ўказанні прэзідэнта Дзярждэпартамэнт дамогся вызвалення Ота Уормбіра з Паўночнай Карэі. Містэр Уормбір знаходзіцца на шляху ў ЗША, дзе ён уз'яднаецца са сваёй сям'ёй», — паведаміў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Ён таксама адзначыў, што Дзярждэпартамент працягвае весці перамовы аб вызваленні яшчэ траіх грамадзян ЗША, якія застаюцца пад вартай у Паўночнай Карэі.

Бацькі Уормбіра распавялі Washington Post, што іх сын знаходзіцца ў стане комы. Сям'і паведамілі, што неўзабаве пасля суда ў маладога чалавека дыягнаставалі батулізм. Па словах прадстаўнікоў паўночнакарэйскага боку, Уормбір запаў у кому, прыняўшы снатворнае.

22-гадовы студэнт Універсітэта Вірджыніі быў затрыманы ў КНДР у студзені 2016 года. Улады краіны абвясцілі, што турыст здзейсніў «варожыя дзеянні», але якія менавіта, не паведамлялася.

На прэс-канферэнцыі ў канцы лютага Уормбір прызнаўся, што зняў са сцяны гатэля палітычны плакат і што яго ўчынак быў накіраваны на нанясенне шкоды матывацыі народа Паўночнай Карэі.

На той жа прэс-канферэнцыі ён распавёў, што забраў плакат з палітычным лозунгам па просьбе верніка сваёй царквы. Па словах студэнта, у абмен яму прапанавалі ўжываную машыну коштам у 10 тысяч даляраў.

Паўночнакарэйскія ўлады рэгулярна ладзяць пастановачныя прэс-канферэнцыі, на якіх арыштаваныя замежнікі «прызнаюцца» ў цяжкіх злачынствах супраць рэжыму. Ці было прызнанне Уормбіра шчырым, невядома.

У сакавіку 2016 года Уормбір быў прысуджаны да 15 гадоў працоўных лагераў.

Заявы аб вызваленні Уормбіра супалі з візітам у КНДР амерыканскага баскетбаліста Дэніса Родмана. Выступаючы перад журналістамі ў Пекіне, ён заявіў, што вызваленьне вязняў — «не яго мэта цяпер». Родман, які лічыцца сябрам паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына, рэгулярна наведвае КНДР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?