Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягнуў на год дзеянне санкцый ЗША ў дачыненні да некаторых прадстаўнікоў беларускіх уладаў. 13 чэрвеня ён адправіў Кангрэсу ЗША апавяшчэнне пра тое, што падпісаў адпаведны ўказ, паведамляе прэс-служба Белага дома.

«Я накіраваў у Федэральны рэестр для публікацыі апавяшчэнне пра тое, што рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з дзеяннямі і палітыкай пэўных членаў урада Беларусі і іншых асоб, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і структуры ў гэтай краіне, працягнецца пасля 16 чэрвеня 2017 года», — сказана ў лісце Трампа, адрасаваным кіраўнікам кангрэса ЗША.

У ЗША лічаць, што дзеянні і палітыка некаторых членаў урада Беларусі і іншых асоб падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, у краіне маюць месца парушэнні правоў чалавека, звязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі. «Гэта ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі і замежнай палітыкі Злучаных Штатаў»,— гаворыцца ў апублікаваным лісце прэзідэнта ЗША.

Трамп адзначыў, што санкцыі былі ўведзены ў адпаведнасці з выканаўчым ўказам прэзідэнта ЗША 13 405 16 чэрвеня 2006 года. З тых часоў санкцыі падаўжаюцца на год.

Санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і членаў іх сем'яў, былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 года Джорджам Бушам. Нагодай сталі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія ў ЗША і ЕС прызналі недэмакратычнымі.

Санкцыі прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асоб у амерыканскіх банках, забарона ім на ўезд у ЗША, забарона амерыканскім кампаніям весці з імі справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?