Фота J. Safka/cyclingphotos.ca

Фота J. Safka/cyclingphotos.ca

Беларусу Антону Вараб’ю 32 гады. Ён жыве ў Канадзе. У Таронта Антон скончыў ляндшафтную архітэктуру і выдатна малюе. Напісаная ім ікона Кірылы Тураўскага ўпрыгожвае алтар беларускай царквы сталіцы Антарыё.

Але пасьля ўнівэрсытэту Антон вырашыў, што пражываць сваё жыцьцё ў офісе ад 9 да 17.00 яму будзе нудна. Ён прысьвяціў сябе роварнаму спорту.

«Ровар дае мне пачуцьцё свабоды», — кажа наш зямляк, адзін з найлепшых раварыстаў Антарыё. Ён узыходзіў на подыюм у 24-гадзінных гонках у сольным разрадзе па горным ровары. Быў уладальнікам «Кубка ўнівэрсытэтаў» Антарыё ў пэрсанальным заліку. Выйграваў шмат гонак у сваёй правінцыі і Паўночнай Амэрыцы. Прадстаўляў Канаду супраць лепшых гоншчыкаў сьвету ў гонках «Spring Challenge». Нядаўна Антон выйграў этап у міжнароднай гонцы ў Коста-Рыцы.

Гонкі ў гарах Кітаю

Гонкі ў гарах Кітаю

Цяпер Антон Варабей выступае ў створанай ім разам зь сябрамі камандзе «Toronto Hustle». За некалькі месяцаў ад заснаваньня яна стала наймацнейшай у Антарыё.

Захапленьне роварам у Антона пачалося яшчэ зь дзяцінства ў Беларусі. Каб купіць першы ровар, хлапец зьбіраў улетку грыбы і ягады і прадаваў з маці на рынку.

«Гэта было маім самым улюбёным заняткам у дзяцінстве — дасьледаваць усё навакольле на ровары. Я мог правесьці цэлы дзень у сядле. Калі пераехалі ў Канаду, мой ровар застаўся дома, але захапленьне засталося са мною. Дарэчы, свой першы ровар у Канадзе я знайшоў на сьметніку», — распавядае Антон.

Падчас вучобы ў школе Антону паставілі дыягназ — рак. Восем месяцаў Антон праходзіў праз хімія- і радыетэрапію. Вынікі лячэньня ён ня мог кантраляваць, таму вырашыў што, прынамсі, будзе рабіць тое, што любіў найбольш, нават калі яно і сталася б апошнім у жыцьці.

Канада

Канада

«Я працягваў вучыцца, займацца спортам са школьнымі камандамі, ганяўся на ровары, нават калі лячэньне абмяжоўвала мае магчымасьці».

За адвагу і стаўленьне да хваробы, Антон атрымаў прэмію Nigel Williams Award «For Personal Strength And Courage» ад Упраўленьня школамі Таронта.

Ва ўнівэрсытэце Антон разам зь сябрамі аднавілі роварны клюб і ўжо праз год яны выйгравалі працяглую сэрыю гонак «Кубка ўнівэрсытэтаў» Антарыё тры гады запар.

Антон Варабей

Антон Варабей

Той посьпех паўплываў на рашэньне Антона працягнуць спартовую кар’еру пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. І ён вырашыў заняцца прафэсійнымі гонкамі і дасьледаваньнем на ровары ня толькі кантынэнту, але і ўсяго сьвету. Сёньня Антон ня толькі прафэсійна круціць пэдалі, ён працуе трэнэрам — дапамагае іншым раварыстам, складае для іх пляны трэніровак, робіць трэніроўкі разам зь імі.

Антон аб’езьдзіў на ровары Канаду, большасьць штатаў ЗША, Коста-Рыку, выспу Табага, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кітай, Аўстрыю, Славаччыну, Польшчу і, вядома ж, Беларусь. Толькі фіксаваная адлегласьць пакатушак Антона складае 84 тысячы км, што хапіла б для таго, каб двойчы праехаць зямлю ўздоўж экватару. Антон ня мае намеру на гэтым спыняцца і кажа, што яшчэ ня раз аб’едзе плянэту. Ён падзяліўся сваімі роварнымі сакрэтамі з чытачамі Свабоды.

1. Надзейны ровар

Важна мець ровар ад добра вядомага брэнду, таму што некаторыя ад танных ды падробкавых брэндаў могуць быць проста небясьпечнымі. Што да гоначных ровараў экстраклясы, яны ўсе выдатныя і не нашмат адрозьніваюцца. Добрым можа быць і танны ровар, калі ён будзе служыць для проста прыемных паездак дзеля свайго задавальненьня. Але для гонак дарагі, надзейны ровар — гэта важны складнік посьпеху.

2. Лёгкі ровар і добрыя дэталі

Для гонак важная вага ровара. Сучасны стандарт — вугляроднае валакно, жорсткасьць, якасьць дэталяў, адказных за перадачу хуткасьцяў і тармажэньня. Для звычайных паездак — мусяць быць добрыя дэталі ў каробках перадач і тармазах, якія б працавалі надзейна і не ламаліся хутка. Гэта самая галоўная рэч, якая адрозьнівае добры ровар ад кепскага і дае вам задавальненьне ад паездкі!

3. Правіла № 1 — пастаянства

Пачынайце паступова з 30-60 хвілінных паездак, 3-5 дзён на тыдзень. Пазьней вы можаце падоўжыць працягласьць і інтэнсіўнасьць у некаторыя дні. Калі вы рыхтуецеся да нейкіх роварных мерапрыемстваў, то трэніроўкі адзін раз на тыдзень — гэта кепска. Занадта вялікая фізычная і мэнтальная нагрузка. У працяглыя пэрыяды без трэніровак (4+ дзён) вы згубіце той узровень падрыхтоўкі і трываласьці, што набылі раней.

4. Колькі павінна працягвацца трэніроўка

Калі вы рыхтуецеся для роварных прагулак з прыгодамі ў расслабленым тэмпе, на самоце паміж гарадамі і вёскамі, тады трэніроўкі мусяць быць доўгімі. Але калі вы рыхтуецеся для гонкі на кароткую дыстанцыю ў 10 сэкундаў, тады вам няма патрэбы рабіць даўгіх паездак. Проста трэніроўкі на сілу. Для тых дыстанцый, на якіх ганяюся я, мне патрэбная высокая трываласьць для барацьбы на 4-5 гадзін у дзень на некалькі дзён запар. Але мне патрэбная і выбуховая сіла на 10 сэкундаў для перамогі на фінішы, а таксама поўная мабілізацыя на 5-10 хвілін, каб утрымацца за лідэрамі падчас пад’ёмаў у гару. Таму я трэнірую ўсе якасьці.

5. Памятайце пра вугляводы

На працягу паездак даўжэйшых за гадзіну-дзьве і пры моцным паценьні вам трэба аднаўляць запас вады. Самае лепшае — спартовыя напоі, што ўтрымліваюць простыя вугляводы і электраліты (як соль). Падмацаваньне прадуктамі, насычанымі простымі вугляводамі, падчас цяжкіх даўгіх паездак працягне ваш актыўны час да моманту вашай поўнай зьнямогі. Гэта могуць быць адмысловыя спартовыя пліткі. Або — проста садавіна, сухафрукты. Раварысты, напрыклад, часта бяруць з сабой у кішэню банан. Тлушчы і пратэіны — выбар ня самы лепшы, бо яны доўга страўліваюцца, і гэта можа выклікаць расстройства страўніка.

Перад трэніроўкай: збалянсаваная ежа, узбагачаная вугляводамі для большай энэргіі, калі вы плянуеце інтэнсіўную работу.

Пасьля: здаровая ежа для вартаснага аднаўленьня. Фокус на вугляводах і пратэінах адразу пасьля трэніроўкі. І здаровае, багатае (на карысныя рэчывы) харчаваньне ўвесь час.

6. Далей ад машын і актыўнага дарожнага руху

Падарожжа роварам па Аўстрыі

Падарожжа роварам па Аўстрыі

Калі я пляную паездку ў новым месцы, то карыстаюся сайтам Strava.com. Там зручна, бо ён дае табе «heat map», дзе можна пабачыць, якія маршруты выбіраюць іншыя карыстальнікі. Самы лепшы выбар — ціхія, спакойныя дарогі, далей ад машын і актыўнага дарожнага руху, з добрым пакрыцьцём і цудоўным відам у якасьці бонусу!

7. Не гуляйцеся з надвор’ем

Беларускі адпачынкавы цэнтар «Слуцак» у Канадзе

Беларускі адпачынкавы цэнтар «Слуцак» у Канадзе

Па гарачыні — вельмі цяжка, і тут нічога ня зробіш. Бо калі холадна, ты можаш апрануцца адпаведна. Пад дажджом можа быць і весела, калі ён цёплы. І асабіста я, зрэшты, нават рады яму ў выпадках, на гонках, калі гэта складаная, тэхнічна хітрая траса зь вялікай колькасьцю паваротаў. Я заўважыў, што я чуюся больш упэўнена ў такіх умовах, чым бальшыня маіх супернікаў. Аднак, калі холадна і дождж — гэта капец. Самы цяжкі выпадак, што ў мяне быў, гэта — паездка пад ледзяным дажджом, ледзь не абмарозіўся.

8. Як пазьбегнуць галоўных памылак

Канада

Канада

Не забывайце браць з сабой запасную камэру і помпу, мабільны тэлефон або грошы — інакш вы можаце нажыць сабе «цяжкі дзень» для ўспамінаў. Не забывайцеся браць дастаткова вады і ежы для працяглых паездак па глухіх мясьцінах, дзе ніякіх пунктаў для іх папаўненьня вам не знайсьці.

9. Ровар — гарантыя добрага здароўя і настрою

Пакатушкі па Арызоне, ЗША

Пакатушкі па Арызоне, ЗША

Гэта самы лепшы занятак для ўмацаваньня сардэчна-сасудзістай сыстэмы. Ровар дае вам цудоўную, зграбную фігуру. І ён выдатна ўплывае на псыхалягічнае здароўе, бо дае добрую разрадку ад вашых праблем. І проста асалода ад паездак! Бывае, даводзіцца круціць пэдалі дома на трэнажоры — гэта страшна нудна. А на прыродзе —прыгажосьць! Калі ты ў добрай форме, ты нават не заўважаеш, што круціш пэдалі.

Сачыць за посьпехамі Антона Вараб'я можна празь ягоныя профілі на Фэйсбукуі Інстаграме.

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі Ірыны Варабей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?