Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці не знайшла нічога крамольнага ў фота, з-за якога наклад «БелГазеты» быў канфіскаваны з кіёскаў. Пра гэта паведаміў журналіст выдання Дзмітрый Растаеў, піша Tut.by.

Як вынікае з афіцыйнага адказу, «вывучыўшы паказаны фотаматэрыял, камісія прыйшла да высновы, што ён не ўтрымлівае элементаў эротыкі, парнаграфіі, заафіліі, гвалту і жорсткасці».

«Па жанры гэта інфармацыйны фотаздымак, на якім зафіксаваная праца спецыяліста па ветэрынарыі і заатэхніцы. Мяркуем, што ён прызначаны для распаўсюджвання ў спецыялізаваных выданнях па дадзеным профілі», — гаворыцца ў афіцыйным лісце, падпісаным старшынёй РЭК і яго намеснікам.

Нумар «БелГазеты» быў зняты з продажу ў сталічных кіёсках 30 мая. Прычынай стала «крамольнае фота» на першай паласе, якое ілюстравала артыкул, прысвечаны апошнім заявам кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта аб наяўнасці антыбіётыкаў для лячэння венерычных захворванняў у беларускім малацэ.

Як паведамляе Растаеў, гэты здымак «БелГазета» запазычыла ў агенцтва Reuters.

«Зрэшты, аддамо належнае і «Саюздруку» — зняўшы нумар з продажу ў Мінску і Мінскай вобласці, кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала рэгіёнам самім вырашаць, пускаць яго ў кіёскі ці не. У выніку самымі прасунутымі аказаліся Гродна, Гомель і Магілёў — там «скандальны» 20-ы нумар распаўсюджваўся на мінулым тыдні разам з «шараговым» 21-м», — паведамляе журналіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0