Сталі вядомыя падрабязнасці крымінальнай справы супраць уласніка службы таксі «Алмаз 7788» Віктара Пузікава. Яны з’явіліся на сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю, справу вядзе Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

Гаворка пра так званую «чорную бухгалтэрыю» таксі «Алмаз». На працягу 2015 — 2017 гадоў Віктар Пузікаў атрымліваў ад нелегальных таксістаў наяўныя, якія не праходзілі ні праз якія дакументы. Таму і не сплачваліся падаткі. Сілавікі ацэньваюць суму няспалачаных падаткаў у памеры 1,4 мільёна рублёў (гэта больш за 700 тысяч даляраў).

Цяпер ДФР завёў супраць Пузікава крымінальную справу па артыкуле КК 243 ч.2 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).

Па інфармацыі сілавікоў, у СІЗА на дадзены момант знаходзіцца двое чалавек. Адзін з іх — кіраўнік дыспетчарскай службы таксі.

Падчас ператрусаў у Пузікава былі знойдзеныя дакументы, якія гавораць ад рэальных даходах кампаніі.

Таксама накладзены арышт на рахункі «Алмаз 7788», 93 аўтамабілі, 30 аб’ектаў нерухомасці на агульную суму больш за 2 мільёны даляраў.

Таксама КДК паведамляе, што такія шэрыя схемы дазвалялі службе таксі ўсталёўваць больш нізкія, чым у канкурэнтаў тарыфы, што дазволіла стаць лідарам сярод іншых кампаній.

Віктар Пузікаў быў затрыманы 13 чэрвеня. Яму 34 гады. Гэта адзін з найбольш паспяховых маладых бізнэсоўцаў краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?