Навукоўцы Стэнфардскага ўніверсітэта 14 чэрвеня апублікавалі даклад, у якім апісваюць новы спосаб узнаўлення сэрца пасля інфаркту — з дапамогай ужыўлення ў яго бактэрый, якія вылучаюць кісларод у выніку фотасінтэзу, піша ВВС.

У дакладзе, які выйшаў у часопісе Science Advances, гаворыцца, што пакуль выпрабаванні паспяхова прайшлі на лабараторных пацуках, але навукоўцы спадзяюцца, што ў будучыні метад удасца ўжываць і да людзей.

Прычынай інфаркту з'яўляецца спыненне кровазабеспячэння сардэчнай мыщцы. У выніку таго, што крывяны сасуд закупорваецца, у сэрца не паступае неабходны кісларод разам з патокам крыві.

Але калі менавіта гэта — крытычны момант, то «чаму б не ўзяць расліну або сам механізм фотасінтэзу і прымяніць яго наўпрост да сэрца?», цытуе выданне The Scientist аднаго з аўтараў даследавання, стэнфардскага прафесара Джозэфа Ву.

Навукоўцы выказалі здагадку, што калі ўжывіць у сэрца здольную да фотасінтэзу аднаклетачную цыянабактэрыю Synechococcus elongatus, то яна дапаможа прыбраць вуглякіслы газ і забяспечыць клеткі цягліц сэрца кіслародам і глюкозай, якія неабходныя для метабалізму ў адсутнасць кровазабеспячэння.

Метад вырашылі апрабаваць на жывым арганізме. Пацукам імітавалі інфаркт, увялі ў іх сардэчныя цягліцы цыянабактэрыі, пасля чаго накіравалі на сэрца прамяні святла.

Праз 10 хвілін узровень кіслароду ў сэрцах грызуноў аказаўся значна вышэйшы, чым у кантрольнай групы і ў тых пацукоў, каму ўвялі цыянабактэрыю ў сэрцы, але не падвяргалі яго светлавому выпраменьванню. Праз 45 хвілін у першай групы таксама палепшылася скарачальнасць жалудачкаў.

Дадзены метад зарэкамендаваў сябе як нетаксічны і паказаў, што не выклікае рэакцыі ў імуннай сістэмы арганізма. Акрамя свайго асноўнага прызначэння, увядзенне Synechococcus elongatus можа дапамагчы падтрымліваць органы, захаваныя для трансплантацыі.

Аднак навукоўцы заклікаюць не спяшацца з высновамі — пакуль не вядома, як бактэрыя будзе ўспрынятая чалавечым сэрцам. Вялікі мінус дадзенага спосабу лячэння — гэта адкрытая аперацыя на сэрца, то бок раскрыццё грудной клеткі, што суправаджаецца вялікімі рызыкамі.

Навукоўцы працуюць над тым, каб зрабіць новы метад больш бяспечным, а менавіта, спрабуюць прыдумаць, як уводзіць цыянабактэрыю не наўпрост у сэрца, а праз вены, а таксама як «правесці» да сэрца прамяні святла праз скуру і косткі, каб пазбегнуць рассякання грудной клеткі, распавёў Ву The Verge.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?