На самай справе спрэчкі вакол Асмалоўкі — гэта частка аднаго старога «дыялога», у якім існуе глыбінная неасэнсаваная загана. Лічыцца, што пытанне тоесна адказу. Лічыцца, што пытанне ёсць паўнавартасны тэзіс, і калі пытанне простае і лаканічнае, напрыклад, «навошта табе», то гэта ёсць лаканічны і просты тэзіс. А значыць, антытэза павінна быць такой жа простай і лаканічнай. Навошта табе аўтамабіль? Таму, што я эканомлю час. Навошта табе інтэрнет? Таму што я хачу шмат ведаць. Гэта такая парадыгматыка вартасці тэзы і антытэзы. Але ў рэальнасці пытанне — не заўсёды тэза. Яна не заўсёды змяшчае пытанне аб прадмеце размовы.

Нярэдка пытанне змяшчае інфармацыю выключна аб унутраным стане аўтара. Пытанне «навошта вам незалежнасць» — простае. Але адказ на яго як мінімум няпросты і ў любым разе патрабуе, каб адрасант і адрасат пытання знаходзіліся ў больш-менш аднолькавай эмацыянальнай і каштоўнаснай фазе у развагах пра знешне ірацыянальнае. На пытанне, навошта мне незалежнасць я буду адказваць доўга. На пытанне, навошта мне мова, на пытанне, навошта я нашуся з гербам і сцягам як з пісанай торбай, я буду адказваць доўга і так ці інакш гэты адказ звядзецца да катэгорыяў, якія мы мусім з суразмоўцам успрымаць аднолькава. Напрыклад — свабода і права. Напрыклад, самаасэнсаванне і самаідэнтыфікацыя. Напрыклад, дыферэнцыяцыя свайго і чужога — як катэгорыя і маральная, і прававая. Калі, напрыклад, гэтыя паняцці ў сістэме каштоўнасцяў суразмоўцы не існуюць, то ён задасць простае пытанне, якое нібыта мае аб'ектыўную вартасць, але адказу, які будзе мець аб'ектыўную вартасць як тэзіс, ён не атрымае.

Тое самае і з Асмалоўкай. Тое самае і з любым іншым помнікам, месцам, сімвалам. Катэгорыя прыгажосці — неаб'ектыўная. Каштоўнасць памяці няпэўная. Аб'ектыўная толькі зручнасць, бо яна можа быць выражана матэматычна. Захоўваць Курапаты — нязручна. Пракласці шашу праз Курапаты — зручна. А значыць, карысна. Каб гэта даказаць, бярэцца цыркуль і малюецца акружнасць, якая падпісваецца формулай пра два пі эр і ўсё такое. Машыны ездзяць, людзі перасоўваюцца, час і грошы эканомяцца. Адпаведна тыя, хто перашкаджае будаўніцтву, — шкоднікі, бо з бяздоказным і складаным тэзісам паўстаюць супраць цыркуля і акружнасці.

Навошта нам Асмалоўка? Навошта нам «баракі»? Гэта простае пытанне. Адказ, што «ў свеце людзі рэстаўруюць і аднаўляюць старыя баракі» — не адказ, бо «навошта баракі ў свеце?»

Навошта вам непадуладнае цыркулю — гэта пытанне мураша, які будуе ідэальна радыяльныя і эрганамічныя мурашнікі, гэта пытанне пчолкі, напоўненай воскам, да Хундэртвасэра, які аб'ектыўна займаўся як бы нейкай х*йнёй і не рассяліў нават няшчасны мільён біялагічных асобінаў у камфортныя і кампактныя соты. У мяне на вашы простыя пытанні няма простых адказаў. Навошта мне Асмалоўка? Магу задаць вам нескладанае пытанне: а навошта вам, каб яе не было? Але не буду. На самой справе ў мяне да вас няма ніякіх пытанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?