Нам даўно трэба перастаць разглядаць гісторыю Беларусі, а таксама нашых гістарычных дзеячоў, празь нейкія вузкія этна-нацыяналістычныя рамкі.

Пагатоў, гэтыя рамкі часьцей за ўсё навязваюцца нам нацыяналістычнай гістарыяграфіяй суседніх народаў, якія менш за беларусаў пацярпелі ад русіфікацыі і дэнацыяналізацыі. Рамкі гэтыя, канечне ж, скіраваныя на прыніжэньне беларусаў і іхнай ролі ў гісторыі.

Так, атрымліваецца, што Эдуард Вайніловіч, нашчадак карэннай наваградзкай шляхты, не беларус, бо беларусам сябе не называў (называў літвінам і палякам) і ня быў сацыялістам. Тое ж самае з увогуле амаль усёй беларускай шляхтай і амаль усімі знакамітамі ўраджэнцамі Беларусі да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Вялікія літоўскія князі — летувісы, бо таксама беларусамі сябе не называлі (за дужкамі застаецца такая «дробязь», што ў часы ВКЛ такога паняцьця, як нацыянальнасьць, не было ўвогуле).

Пры гэтым, праўда, Францішак Скарына, які сябе беларусам не называў, у нас усё-ткі беларус. Як і Аляксандар Лукашэнка, які не размаўляе на беларускай мове, называе сябе «расейцам з знакам якасьці» і дваццаць гадоў праводзіць палітыку русіфікацыі.

Ва ўсім гэтым ёсьць нейкая супярэчнасьць.

Насамрэч,

дзяліць мясцовых людзей, аб'яднаных супольнымі каранямі, на беларусаў і небеларусаў — гэта беспэрспэктыўны шлях.

Беларусь — гэта тэрыторыя. Беларус — гэта аўтахтонны жыхар гэтай тэрыторыі, незалежна ад рэлігіі і ад самавызначэньня.

Слова «паляк» 100 і 200 гадоў таму было ня тым жа, што цяпер. Яно магло абазначаць любога славяніна-каталіка ці ўвогуле любога чалавека з абшараў Рэчы Паспалітай. Прыкладна як у ХХ стагодзьдзі любога чалавека з СССР за мяжой называлі «расейцам». І беларуская каталіцкая шляхта пачатку ХХ стагодзьдзя таксама сябе лічыла «ў шырокім сэнсе» палякамі, а «ў вузкім сэнсе слова» — літвінамі, спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага.

У выпадку з Вайніловічам ягоная прыналежнасьць да Беларусі — гэта рэч абсалютна апрыёрная і відавочная.

Чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, жыў і працаваў у Беларусі і чые ўсе продкі жылі ў Беларусі, а не прыехалі сюды, скажам, з Польшчы — гэта беларус.

Больш за тое, Вайніловіч меў вялікую сымпатыю да беларускасьці і ў яе вузкаэтнічным сэнсе, нават матэрыяльна падтрымліваў беларускія культурніцкія ініцыятывы, з сымпатыяй ставіўся да Беларускай Народнай Рэспублікі і бываў на паседжаньнях Рады БНР. Разыходжаньні Вайніловіча зь беларускім рухам перадусім былі ў палітычнай галіне: беларускі рух быў збольшага лявацкі-сацыялістычны, варожа настроены да любых буйных землеўласьнікаў як Вайніловіч.

Небеларус — гэта замежнік. Гэта чалавек, які сябе ў першую чаргу ідэнтыфікуе, скажам, з Варшавай і Кракавым, а не зь Менскам і Гародняй. Вайніловіч — не замежнік, а, значыцца, у сучасным сэнсе слова беларус.

Эдвард Вайніловіч, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Міцкевіч і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — гэта адназначна тутэйшыя людзі, а значыцца мы ня маем нагоды ня лічыць іх беларусамі.

Зрэшты, і Марк Шагал, Хаім Суцін ці дынастыя рабінаў Салавейчыкаў — таксама беларусы. Беларусы габрэйскага паходжаньня, беларускія габрэі ці як хочаце, але — беларусы. Людзі, чые продкі некалькі стагодзьдзяў жылі ў Беларусі — ну хто яны, як не тутэйшыя, як не беларусы?

Проста тое, што ўсе гэтыя людзі — таксама беларусы, накладае на нас, сучасных беларусаў, абавязак даглядаць, вывучаць і іхную культурную спадчыну таксама.

Культура беларускіх палякаў-літвінаў, беларускіх габрэяў-літвакоў, беларускіх татараў — гэта ўсё нашая, беларуская, спадчына, якая павінна быць часткай нашай ідэнтычнасьці, нашага культурнага коду.

Мы павінны вывучаць яе і захоўваць яе як сваю родную. Што мы робім вельмі дрэнна.

І таму пытаньне, якое задае Кастусь Шыталь, ёсьць па форме некарэктнае, а па сутнасьці — рытарычнае. Мы, бясспрэчна, павінны шанаваць усіх нашых землякоў, хто рабіў тут дабро і хто праславіў Беларусь у сьвеце. Мы ўжо маем вуліцы імя Ўладзіслава Сыракомлі і Адама Міцкевіча, таму прэцэдэнт стварэньня тапанімічнай адзінкі ў гонар шляхціца-літвіна будзе ня першым.

У Менску патрэбная плошча Вайніловіча і помнік гэтаму чалавеку.

Вядома, дзеля гэтага ня трэба пераймяноўваць вуліцы, якія маюць ці мелі старажытныя (дарэвалюцыйныя ці асабліва сярэднявечныя) назвы. Наколькі магу разумець, у выпадку з прапанаванай плошчай Вайніловіча такой сытуацыі няма, таму надаць гэтую назву — варта.

Зьвяртайцеся ў Менскі гарадзкі выканкам з просьбамі зрабіць гэта — зварот можна накіраваць тут: http://minsk.gov.by/ru/feedback/10/.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?