Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны каледж у Хойніках, даў даручэнне Банку развіцця Сяргея Румаса аднавіць Тураўскі крыж.

«Гэтыя чатыры іконкі ў вучонага, які знайшоў іх. Яны захаваліся. Мы гатовыя выкарыстоўваць іх на крыжы, які мы адновім ў бліжэйшы час», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца ў гэтым пытанні разам з доктарам гістарычных навук, найлепшым знаўцам гісторыі Турава Пятром Фёдаравічам Лысенкам. Тым самым гісторыкам, які знайшоў іконкі ў Тураве.

Пятро Лысенка з рэканструкцыяй крыжа. Фота sb.by.

Пятро Лысенка з рэканструкцыяй крыжа. Фота sb.by.

«Усе ведаюць пра крыж Еўфрасінні Полацкай, гэта самая славутая рэліквія беларуская. Усе ведаюць пра копію, якую стварыў у Брэсце Мікалай Кузьміч. Аднак у той самы час падобныя крыжы існавалі ва ўсіх епархіях. І свой епархіяльны крыж меў таксама Тураў, хай і не такі багаты, як полацкі.

Найхутчэй, што ён знік пры землятрусе 1230 года. Гэта быў магутны землятрус у Румыніі, магчыма, у 8 балаў, які дакаціўся да Турава. Той землятрус знішчыў у Кіева-Пячорскай лаўры ў Кіеве Успенскую царкву, Міхайлаўскую царкву. Быў пашкоджаны храм ва Уладзіміры. Тураўскі епархіяльны храм знаходзіўся на слабым падмурку, таму ён быў знішчаны цалкам.

У 1962 годзе падчас раскопак на тураўскім дзядзінцы мной былі знойдзеныя свінцовыя іконкі XII стагоддзя, на адной з якіх быў Кірыла Тураўскі. Я выказаў меркаванне, што яны могуць быць ад епархіяльнага крыжа, які быў знішчаны і пераламаны ў развалінах. Маю тэорыю ніхто не абверг.

Мы разам з сынам Фёдарам, калі ён яшчэ быў школьнікам, зрабілі рэканструкцыю гэтага крыжа. На добрую рэканструкцыю не было ні матэрыяльных сродкаў, ні магчымасцяў. Не знайшлі добрага спонсара. Аднак намі ўзноўлены крыж у натуральную велічыню. І калі крыж Кузьміча — гэта абсалютны навадзел, то ў нашым крыжы прысутнічаюць тыя самыя сапраўдныя іконкі ад даўняга крыжа», — дзеліцца ўражаннямі Пётр Лысенка.

Па словах Пятра Лысенкі, існуе яшчэ адзін крыж, які варта ўзнавіць у старажытным горадзе. Гэта — каменны крыж, які быў знойдзены пры раскопках на дзядзінцы ў Тураве ў 2004 годзе.

«Гэта крыж XVI стагоддзя, шэсць метраў увышыню. Калі памятаеце, то быў такі намеснік міністра культуры Градзюшка, які пасля наведвання Турава ў 2005 годзе даў загад закапаць той крыж. Мясцовы ж старшыня райвыканкама паслухаўся, нават археолагаў не выклікалі. Мы нават не ведаем, якім чынам засыпалі той крыж.

Магчыма, добра было б аднавіць абодва тураўскія крыжы», — падсумоўвае Пятро Фёдаравіч Лысенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?