Тлумачаць АМАПу, сядзяць на сутках, але не здаюцца

Да гэтага часу з'яўленне бел-чырвона-белага сцяга на любым матчы любой зборнай Беларусі (футбольнай, хакейнай — не важна) становіцца ого-го якой падзеяй. Інфармацыйныя рэсурсы папросту робяць з такой нагоды навіны, а пад гэтымі навінамі ўжо разгараюцца бязлітасныя дыскусіі на тэму: «ці месца БЧБ і «Пагоні» на трыбунах?». З пункту гледжання закона ніякіх пытанняў няма і быць не можа, бо тая ж «Пагоня» афіцыйна прызнана аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны. Але на самай справе любы чалавек, разадзеты ў некалі дзяржаўную сімволіку, папросту можа трапіць на суткі.

Навошта людзі ходзяць з «Пагоняй» і БЧБ на стадыёны? Навошта ім патрэбныя непрыемныя сітуацыі з беларускай міліцыяй, якія могуць прывесці незразумела да чаго? Аляксандр Івулін пагутарыў з некаторымі адважнымі людзьмі.

«Міліцыянты, якія мяне ўтрымлівалі, казалі, што нібыта я ў іх сам сядзеў па добрай волі»

Гісторыя Сяргея Бахуна, які ўжо год судзіцца з палкоўнікам міліцыі з-за «Пагоні»:

— БЧБ і «Пагоня» — нашы нацыянальныя сімвалы. Я заўзятар нашай зборнай і нашых каманд і лічу, што абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі — шанаваць гістарычныя сімвалы. Таму цалкам натуральна, што заўзятары з нацыянальнай сімволікай падтрымліваюць зборныя.

У мяне інцыдэнты з міліцыяй былі толькі ў Барысаве. Першы раз мяне вывелі з трыбуны падчас гульні БАТЭ — «Слован». Трымалі ў пакоі пад наглядам двух міліцыянтаў, пакуль дзеля гутаркі са мной не прыйшоў іх начальнік. Недзе праз гадзіну з’явіўся маёр Вячаслаў Паўлавец. Сказаў, што на маім шаліку — «Пагоня», а гэта незарэгістраваная сімволіка. Таму калі не хачу праблем, то шалік трэба прыбраць. Паўпіраліся трохі з ім, але ў выніку я шалік схаваў пад куртку. Не хацелася ехаць у пастарунак. Пасля гэтага мяне пусцілі назад на трыбуну, аднак матч ужо падыходзіў да завяршэння.

Тады я падаў скаргу ў суд. Судовы працэс цягнецца дагэтуль. Суджуся з тымі супрацоўнікамі міліцыі, па віне якіх мне было адмоўлена ў праглядзе футбольнага матчу. Раённы і абласны суды не задаволілі мае скаргі (вось як адбывалася пасяджанне суда ў Барысаве), цяпер накіроўваю скаргу ў Вярхоўны суд. Я настроены ісці да канца ў барацьбе за нашы правы. І калі спатрэбіцца, буду звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Дарэчы, супрацоўнікі міліцыі, якія мяне ўтрымлівалі ў Барысаве, казалі, што ім усё роўна, які ў мяне шалік. Але калі начальства загадала, то яны мусяць мяне затрымліваць. Самае цікавае, што пазней, на судзе, міліцыянты, якія мяне ўтрымлівалі, казалі, што ніхто мяне не затрымліваў. Нібыта я ў іх сам сядзеў па добрай волі. Таму, калі супрацоўнікі міліцыі апускаюцца да такой хлусні, адкуль жа да іх будзе давер?

Быў яшчэ адзін выпадак, калі мяне міліцыянты з АМАПа ў Барысаве не пусцілі на стадыён з маім шалікам з «Пагоняй». Сказалі, што з гэтым шалікам нельга, бо на ім адлюстравана палітычная сімволіка. Я ім кажу, што гэта нацыянальная сімволіка! А нават калі б была палітычная, то чаму з «Пагоняй» нельга, а з сімволікай БРСМ і «Белай Русі» можна? Тады праваахоўнікі сказалі, што я нібыта п’яны, і выставілі мяне за турнікет. Я пайшоў і паклаў свой шалік у машыну. Калі зноў праходзіў нагляд, той жа амапавец саркастычна сказаў: «Ну што, працверазеў?» Я палічыў бессэнсоўным нешта даказваць гэтаму супрацоўніку.

Самае цікавае, што на іншых стадыёнах праблем з-за шаліка ў мяне не было. Дарэчы, да 1995 года я хадзіў на стадыёны з БЧБ сцягам. Чаму перастаў? Хапала затрыманняў з-за сцяга і па-за межамі стадыёна. Таму вырашыў, што вазьму сцяг на стадыён, калі прыйдзе спрыяльны час. Спадзяюся, што ён наступіць.

«У Румыніі сцюард сказаў: «Гэта колеры адной з румынскіх каманд, не трэба правакаваць канфлікт»

Гісторыя заўзятара Аляксея, якога прасіў адмовіцца ад БЧБ сцяга прадстаўнік АБФФ:

— Падтрымліваем зборную пры дапамозе гэтай сімволікі, таму што толькі яна з'яўляецца спрадвечна беларускай. Яе не прыдумалі ў кабінеце па ўказе зверху. «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг — гэта гісторыя беларускага народа, якая звязвае нас з продкамі. Бяру гэтую сімволіку толькі на выязныя матчы зборнай, бо ў Беларусі я адказваю за супорт. На мне ляжыць вялікая адказнасць, не хочацца, каб цябе з барабанам і банерамі загрэблі каля ўваходу на стадыён, а каманда засталася без падтрымкі.

За ўвесь час выездаў здарыўся ўсяго адзін непрыемны інцыдэнт. Гэта адбылося ў Румыніі. Мы прыехалі ў Бухарэст. На тым матчы было ўсяго некалькі беларускіх заўзятараў (не будзем лічыць членаў дэлегацыі і супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Румыніі). Днём пагулялі па горадзе, а ўвечары пайшлі на стадыён. Там да нас падышоў Сяргей Сафар'ян: «Добра, што прыехалі, але, можа, давайце без БЧБ? Вы ж самі ўсё разумееце». Мы адмовіліся, але ля ўвахода на сектар нас спыніў сцюард і не даў пранесці сцягі і банеры. Ён сказаў, што УЕФА не дазваляе вывешваць банеры. Чаму нельга было ўзяць з сабой БЧБ сцяг? Аргумент быў такі: «Гэта колеры адной з румынскіх каманд, не трэба правакаваць канфлікт».

«Міліцыянты прапускалі са словамі: «Толькі моцна не махай шалікам, каб тэлевізійшчыкі не знялі»

Гісторыя Змітра Хведарука, які праз «Пагоню» трапіў на суткі ў пастарунак:

— Для мяне «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг — нацыянальныя сімвалы Беларусі. Іншыя я проста не прызнаю. Многія гульцы нашай зборнай, як і многія беларусы, маюць такую ж пазіцыю. Калі яны бачаць на трыбунах такія сімвалы, гэты прымушае іх лепей гуляць. Доўгі час атрыбутыку было амаль немагчыма пранесці на футбол, таму жаданне прайсці з «Пагоняй» на стадыён было яшчэ большым. І па сёння гэта часам выліваецца ў затрыманні і размовы з амапаўцамі.

Першы раз я прыйшоў на футбол разам з бацькам. Гэта была гульня зборнай Беларусі супраць Уэльса. Падчас матча ўбачыў, як амапаўцы з нейкага хлопца здымалі майку з «Пагоняй». Чалавек пасля глядзеў матч з голым торсам. Пасля гэтага не было вялікага жадання надзяваць на футбол штосьці падобнае. У першы раз адважыўся надзець «Пагоню» перад матчам Беларусь — Францыя ў Гомелі. Гэта быў суператмасферны выезд. Тады з хлопцамі пакаталіся на параходзе па Сожы. Крычалі дужа крутыя «зарады», хадзілі па горадзе ў майках з «Пагоняй». Гомельскія міліцыянты нават не звярталі ўвагу, і гэта трохі здзівіла.

Найбольш цяжка прайсці на футбол з «Пагоняй» на «Барысаў-Арэне». Хаця з нядаўняга часу ў гэтым плане міліцыя вядзе сябе больш вольна. Гады два таму было «весялей». Даводзілася хаваць «Пагоню» на шаліку, каб прайсці на стадыён. Адны міліцыянты гаварылі, што з такім шалікам нельга ісці на трыбуны. Тады ты ідзеш да іншага пункта дагляду або выклікаеш старэйшага амапаўца. Ён прыходзць і пачынае табе тлумачыць, што праносіць такія шалікі нельга. Я заўжды прасіў паказаць дакумент, дзе гэта напісана. Часам атрымлівалася дамовіцца. Я нават зрабіў сабе невялікую раздрукоўку, каб паказваць супрацоўнікам міліцыі. Там былі карцінкі гербоў Рэчыцы, Віцебскай вобласці. Міліцыянты прапускалі са словамі: «Толькі моцна не махай шалікам, каб тэлевізійшчыкі не знялі». З-за гэтага часта спазняўся да пачатку матчаў.

Пасля нашага затрымання ўбачылі, як людзі адрэагавалі на гэту сітуацыю. З’явілася шмат інфмармацыі ў СМІ, шмат чаго пісалі ў сацыяльных сетках. Магчыма, з-за гэтага цяпер прайсці на стадыён з «Пагоняй» прасцей.

«Ніхто не прымушае кланяцца «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сцягу. Але навошта выліваць на іх бруд?»

Гісторыя Сяргея Саланкевіча, які прышыў на футболку зборнай «Пагоню» па-над дзяржаўным гербам:

— Хаджу на футбол з «Пагоняй» па адной простай прычыне: я — беларус, а гэты нацыянальны герб, гістарычны сімвал нашага народа. Яму ўжо не адно стагоддзе. Пра што можна казаць? Павагу і любоў да гісторыі, культуры, традыцый краіны, у якой нарадзіўся — гучыць пафасна, але для мяне гэта не пустыя словы. З бел-чырвона-белым сцягам тая ж гісторыя. Гэтым трэба ганарыцца, трэба шанаваць, а не баяцца і хаваць. Ці ачарняць, прыпісваючы сімвалы апазіцыі.

Як толькі на Symbal.by з'явіліся ў продажы майкі з такім гербам, адразу ж купіў і стаў насіць. Так выйшла, што першы матч, на які прыйшоў у такой футболцы, быў гасцявым: у Львове Беларусь гуляла з Украінай у верасні 2015 года. Затым была яшчэ адна выязная гульня таго ж цыкла са славакамі. У Жыліне да майкі з «Пагоняй» далучыўся шалік з тым жа гербам на бел-чырвона-белым фоне. Ясна, што на стадыёнах іншых краін ніхто з ахоўнікаў закона і сцюардаў увагі на маю расфарбоўку не звяртаў, праблем не было.

Цікавей было ў Беларусі. Перад гульнёй з македонцамі на «Барысаў-Арэне» здагадваўся, што могуць узнікнуць праблемы, бо матч праходзіў на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, якім папярэднічалі рознага роду шэсці і мітынгі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і «Пагоняй». Але ўсё роўна вырашыў, што паспрабую прайсці на стадыён са сваёй «крамольнай» «ружай». Атрымалася: калі мяне даглядалі на ўваходзе, шалік быў пад курткай, яго ніхто не бачыў — пытанняў не ўзнікла. Потым на сектары запрыкмеціў іншых хлапцоў з падобнымі шалікамі, дзе быў намаляваны герб «Пагоня».

Да пары да часу першы тайм праходзіў без праблем. Фан-сектар не было ў чым папракнуць. «Шызелі» як звычайна, спрабуючы хоць неяк ажывіць маркотную атмасферу матчу. Але затым на сектары з'явіліся некалькі чалавек з чырвона-зялёным сцягам. Яны былі п'яныя, размахвалі дзяржаўным сцягам, мацюкаліся і раз-пораз крычалі: «Ламай! Забівай!» Мне здалося, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю, бо хлопцы былі настроены па-баявому і паводзілі сябе неадэкватна. Амапаўцы на гэта спакойна пазіралі, робячы выгляд, што нічога не адбываецца.

У перапынку да хлопцаў з «Пагоняй» сталі падыходзіць амапаўцы і запрашаць выйсці з сектара. Падышлі і да мяне. Я пацікавіўся, у чым справа. І ў адказ пачуў, што ў мяне нейкія забароненыя сімвалы. Спрабаваў растлумачыць, што гэта нацыянальныя сімвалы, але ніяк не забароненыя, і што за «Пагоняй» Савет Міністраў даўно замацаваў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Мае довады былі нікому не цікавыя.

Усе памятаюць, што было далей: шмат каго затрымалі і павезлі, у другім тайме на сектары, акрамя цішыні, ужо нічога не было. А неўзабаве дзяржаўныя СМІ сталі званіць ва ўсе званы пра тое, што агрэсіўныя фанаты лаяліся матам. Карацей, вядомыя казкі Венскага лесу. Тых, хто сапраўды лаяўся нецэнзурна, не кранулі: вядома, дзеткі ж былі з дзяржаўным сцягам, а астатніх проста павялі.

Ніхто не прымушае кланяцца «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сцягу. Але навошта выліваць бруд на іх і на тых, хто гэтыя сімвалы шануе? Складана зразумець гэтае дзікунства. Калі для кагосьці гісторыя нашага народа, культуры і дзяржаўнасці пачынаецца з 1917-га ці з перамогі ў ВАВ, то я спачуваю гэтым людзям: у іх праблемы ў развіцці! Нашы дзяржаўныя герб і сцяг штучна створаныя пад уздзеяннем савецкай прапаганды. Пачытайце гісторыю і не перашкаджайце мне і такім, як я, любіць сваё.

Потым быў яшчэ міні-футбольны матч у сакавіку 2016-га паміж беларусамі і рускімі ў палацы спорту «Уручча». Да таго часу ў мяне ўжо з'явілася арыгінальная футболка зборнай. Я купіў шаўрон з «Пагоняй» і прышыў на футболку па-над дзяржаўным гербам.

Надзеў гэтую футболку, узяў шалік і прыйшоў на сектар. Вядома, была рызыка, што мяне не прапусцяць, але да таго моманту з боку ўладаў у дачыненні да нацыянальных сімвалаў пачалася своеасаблівая «адліга». Для мяне было важна прайсці на футбол з такімі сімваламі з прынцыпу. Напэўна, не за тое Каліноўскі на шыбеніцы памёр, а Купала і іншыя нашы найвялікшыя асобы змагаліся, каб іх нашчадкі хадзілі і трэсліся ад страху, адварочваліся ад сваёй гісторыі. Прапусцілі без праблем, але касыя погляды з усіх бакоў, вядома, дасталі. Хтосьці глядзіць са здзіўленнем, як на псіхічна хворага, хтосьці проста з незадаволенасцю. Замала было тых, каму мая расфарбоўка па душы.

На матчах цяперашняга адборачнага цыклу стала прасцей. Хатнія сустрэчы з Францыяй і Люксембургам таму прыклад. Мая футболка з нашытай на грудзях «Пагоняй» і шалік на мне, а я на сектары. Як бы ні гуляла каманда, але гэта зборная маёй краіны. Каманду трэба любіць не за тое, што яна вялікая, а за тое, што яна наша. І падтрымліваць яе пад нацыянальнымі колерамі і гербамі.

«Калі размаўляеш з амапаўцамі больш за пяць хвілін, то яны ад гэтага стамляюцца»

Гісторыя Алеся Крата, якога праз «Пагоню» не пусцілі на матч другой лігі:

— Я наогул часта выкарыстоўваю беларускія нацыянальныя сімвалы ў адзенні штодзённага характару, бо для мяне важна самаідэнтыфікацыя як беларуса. Галоўнае толькі з гэтым, канечне, не перабіраць. Добра, што зараз існуе шмат мануфактур разнастайнага стрыт-адзення і не трэба саматужна рабіць яго ўручную. Футбольны матч ад жыцця не вельмі адрозніваецца, таму калі ты прыходзіш на «мячык», то імкнешся паказаць усім астатнім гледачам, што заўзятары падтрымліваюць сваё: сваю каманду, свае нацыянальныя каштоўнасці, свае сімвалы. Пры гэтым яны павінны быць гатовы не толькі паказаць, але і абараніць іх пры патрэбе.

Яшчэ два-тры гады таму было праблематычна прайсці на стадыён у атрыбутыцы з «Пагоняй», а тым больш з бела-чырвона-белым сцягам. Дынаміка змянілася апошнім годам, напрыклад, на нядаўнім матчы Беларусі з балгарамі хлопцам удалося нават вывесіць БЧБ-сцяг на сектары, што проста неверагодна для «працвітаюшчэй» Беларусі. Хаця ў гэтым выпадку таксама былі праблемы, наколькі я ведаю, бо адказны за стадыён бегаў і ўсё пагражаў хлопцам АМАПам.

Раней, калі ты праходзіш дагляд міліцыі з ружай «Пагоня», то, калі прыходзіць твая чарга, цябе адстаўляюць у асобны куток, і ты чакаеш галоўнага альбо табе адразу кажуць: «Ты не пройдзеш» (амапаўцы ў такія моманты заўжды нагадвалі Гендальфа). Ніякія перакананні пра герб Рэчыцы альбо Лепеля не спрацоўвалі звычайна, толькі ў рэдкіх выключэннях. Таму ў цябе было пасля гэтага канфлікту тры варыянты: пайсці здаць атрыбутыку ў камеру захоўвання, проста прапусціць матч, паспрабаваць зайсці з другога ўвахода.

Памятаю, у жніўні 2015-га мяне не прапусцілі амапаўцы на матч другой лігі Беларусі, які праходзіў на стадыёне САК «Алімпійскі». Амапаўцы заявілі, што «Пагоня» — незарэгістраваная сімволіка, а ў такой заходзіць на стадыён нельга. Просьбы паказаць спіс, чаму яны вызначаюць «Пагоню» ў якасці незарэгістраванай сімволікі, ігнараваліся і мяне ўвесь час адсылалі да Ластоўскага (прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама). Заўважыў яшчэ адну рэч: калі размаўляеш з амапаўцамі больш за пяць хвілін, то яны ад гэтага стамляюцца і, каб пазбегнуць далейшых размоў, звычайна прапануюць суразмоўцу прайсці ў міліцыю для больш дэтальнага вызначэння праблемнага поля спрэчкі (альбо наўпрост цябе затрымліваюць). Таму ў такіх выпадках трэба размаўляць альбо з начальнікам, альбо менш за пяць хвілін. Карацей, прыйшлося накатаць пасля ліст у ГУУС Мінгарвыканкама, каб там патлумачылі, чаму «Пагоня» — незарэгістраваны сімвал, а амапаўцаў пакаралі за непрафесійны падыход пры выкананні абавязкаў. Праз месяц прыйшоў адказ, у якім, як гэта ні дзіўна, сказана, што «Пагоня» не ўваходзіць у лік забароненай на тэрыторыі Беларусі сімволікі, але парушэнняў супрацоўнікаў АМАПу таксама не знайшлі. Цяпер стараюся гэтую паперу браць з сабой на матчы. На ўсялякі выпадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?