На думку Рычарда Пайпса, Расея дасягнула ў Грузіі сэнсацыйнай перамогі, ствараючы тым самым небясьпечны прэцэдэнт ня толькі для былых савецкіх рэспублік, але і для былых камуністычных эўрапейскіх краінаў. Гісторык, былы дарадца прэзыдэнта Рональда Рэйгана, выказвае меркаваньне, што, нягледзячы на пратэсты ЗША і ЭС, Паўднёвая Асеція і Абхазія стануць дэ-факта «расейскімі пратэктаратамі» і што некаторыя краіны-сатэліты былога СССР саступяць прэсінгу і шантажу з боку Масквы і вернуцца ў сфэру ейнага ўплыву. Аднак ён сьцьвярджае таксама, што гэтая

перамога Расеі над Грузіяй можа стацца і «Піравай перамогай», пры ўмове, «што Захад застанецца аб’яднаным і адрэагуе цьвёрда, ужываючы санкцыі».

— Ці ня Грузія, уварваўшыся ў Асецію, справакавала Крэмль?

— Грузія зрабіла тактычную памылку, на мой погляд. Крэмль, які ствараў напружанасьць у рэгіёне, ужо шмат тыдняў таму быў змабілізаваны і гатовы да атакі. Грузія мела юрыдычнае і маральнае права рэагаваць. Чаго нельга сказаць пра Расею, дзеяньням якой няма апраўданьня. Гэта быў першы з шэрагу рухаў, якія Крэмль будзе шукаць магчымасьць зьдзейсьніць, каб зацьвердзіць уласны кантроль над суседнімі нацыямі.

— З мэтай рэканструяваць імпэрыю?

— Гаворка ідзе пра тое, каб аднавіць блёк у рэгіёне, які належыць былому СССР. Аднак я думаю таксама, што большая стратэгічная мэта — убіць клін між ЭС і ЗША і навязаць Эўропе ня толькі эканамічную, што адбываецца сёньня, напрыклад, з газам і нафтай, але і палітычную залежнасьць. Праблема ў тым, што вы, эўрапейцы, амаль заўсёды саступаеце. І чым больш вы саступаеце, тым больш агрэсіўным робіцца Пуцін. Пабачыце, што хутка і краіны Балтыі апынуцца пад прыцэлам. Вы павінны разумець, што ад гэтага залежыць вашая бясьпека.

— Як Захад мог бы паспрыяць ператварэньню Пуцінскай перамогі ў «Піраву»?

— Прымусіць яго заплаціць дарагую цану за грузінскую авантуру, каб не было жаданьня яе паўтарыць. Кандыдат ад рэспубліканцаў у Белы Дом Джон Маккейн, які вельмі крытычна ставіцца да Расеі, ужо агучыў магчымыя санкцыі. Гэта: спыненьне ўдзелу Расеі ў G8, забарона на ўступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і г.д. Пуцін ужо страціў Польшчу, якая прыняла рашэньне разьмясьціць на сваёй тэрыторыі амэрыканскія супрацьракетныя ўстаноўкі, што таксама зьяўляецца адказам.

— Ці не сапсуе гэта нашыя адносіны з Масквой?

— Нашыя адносіны ўжо сапсаваныя непрымальнай акцыяй расейцаў. Няма неабходнасьці вяртацца да халоднай вайны, аднак у той самы час нельга заставацца бязьдзейнымі гледачамі, неабходна ўжываць санкцыі, нават сымбалічныя.

— Ці не запозна?— Думаю, што не. Будзе запозна, калі Эўропа прадэманструе сваю мяккацеласьць у нашым альянсе.

Пераклала з італьянскай NM паводле «Corriere delle Sera», 17 жніўня 2008

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0