Беларусь будуе атамную электрастанцыю для ўласных патрэб, а не экспарту, але гатовая абмяркоўваць пытанне паставак электраэнергіі з еўрапейскімі партнёрамі. Пра гэта заявіў журналістам на форуме «Атамэкспа» у Маскве намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, перадае БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне польскіх журналістаў аб прызыве літоўскага боку блакаваць пастаўкі электраэнергіі з БелАЭС, Уладзімір Сямашка сказаў: «У мяне гэта выклікае ўсмешку па меншай меры. Калі мы рабілі бізнэс-план атамнай электрастанцыі, то пазначалі, што будуем АЭС не з мэтай экспарту, а для ўласных патрэб». Прамысловасць Беларусі выйшла з рэцэсіі і працягне рост, таму электраэнергія, якая выпрацоўваецца на БелАЭС, будзе запатрабаваная ўнутры краіны, лічыць віцэ-прэм'ер.

Калі ж усё-такі лішкі будуць, Беларусь гатовая працаваць з еўрапейскімі партнёрамі, у тым ліку з Польшчай. «Мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, але не трэба перакручваць і казаць аб тым, што калі не будзе купляць Літва, Польшча, Еўропа нашу электраэнергію, то Беларуская АЭС спыніцца. Гэта не так, БелАЭС на 100% разлічаная на ўнутранае спажыванне», — растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0