На вечарыне ў Доме літаратара 18 траўня былі названыя сёлетнія ляўрэаты прэміі «Залаты апостраф», заснаванай часопісам «Дзеяслоў».

У прывітальным слове галоўны рэдактар часопісу Барыс Пятровіч адзначыў, што «Дзеяслоў» жыве ўжо чатыры гады й на цяперашні час мае падпісчыкаў больш, чым холдынгаўскія «Полымя» й «Маладосьць» разам узятыя. З пачатку 2006 году павялічыўся аб’ём выданьня, а нядаўна выйшла першая кніга ў «Бібліятэцы «Дзеяслова» (Анатоль Івашчанка «Вершnick»). Увосень мае зьявіцца яшчэ адна кніга, а надалей, плянуе рэдактар, у год пэрыядычнасьць выхаду кніжак у «Бібіліятэцы» дасягне часопіснай – 6 разоў на год.

У намінацыі «Лепшая паэзія» пераможцам стаў Віктар Сьлінко за паэму «Жбан і вада». Найлепшым празаікам мінулага году, у вэрсіі «Дзеяслова», стаў Леанід Дранько-Майсюк за творы «Нэрвовы раман» і «Хлопчык і бацькі»: падчас уручэньня ўзнагароды вядомы паэт згадаў, што толькі адзін раз надрукаваў у «Дзеяслове» свае вершы, а зьмяшчае там усё ж пераважна прозу. У намінацыі «Дэбют году» пераможцай стала маладая паэтка з Горадні Ганна Аўчыньнікава: для дзяўчыны ейны першы прыезд у Менск шчасьліва супаў з урачыстым узнагароджаньнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0