Расейскае агенцтва Regnum выдала інтэрвію з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, якое яна забараніла друкаваць. Па словах пісьменьніцы, інтэрвіюэр паводзіў сябе не як журналіст, а як прапагандыст.

Да таго ж яна сьцьвярджае, што давала згоду на гутарку з прадстаўніком выданьня «Деловой Петербург» і цяпер мае высьветліць, якім чынам тэкст апынуўся на чарнасоценным рэсурсе.

Святлана Алексіевіч размазала журналіста «Рэгнума» ў вельмі жорсткім інтэрв'ю

Свабода зьвязалася са Сьвятланай Алексіевіч, каб высьветліць акалічнасьці сытуацыі.

«Як толькі гэты журналіст задаў мне тры-чатыры першыя пытаньні, я сказала, што адмаўляюся на іх адказваць і забараняю друкаваць, — тлумачыць суразмоўніца. — І свайго літаратурнага агента, які прапанаваў інтэрвію і арганізаваў сустрэчу, папярэдзіла, каб затэлефанавалі і папярэдзілі кіраўніцтва. Рэч у тым, што я пабачыла ягоную ад пачатку агрэсіўную скіраванасьць. Калі адразу яшчэ здавалася, што можна пра штосьці спрачацца, то пасьля пытаньня — чаму вы абараняеце ўкраінскіх бандытаў — усё стала зразумела. А паколькі такіх людзей ні ў чым не пераканаеш, то я ад кантактаваньня адмовілася».

Якіх захадаў з боку нобэлеўскай ляўрэаткі варта чакаць у гэтай сытуацыі? Ці рэальна, што справа можа дайсьці да суду?

«Натуральна, я буду зьвязвацца з арганізатарамі гутаркі, буду раіцца са сваім літаратурным агентам Саладоўнікавым. На жаль, ня веру, што ў гэтай сытуацыі нешта можна зрабіць… Засмучае толькі тое, што гэта абсалютна малады чалавек — чаму я і спадзявалася, што пасьля першых рэплікаў яшчэ можна будзе выруліць на сапраўды плённую дыскусію. Але той выпадак, калі ні ў чым пераканаць немагчыма. Вось была кроў у Данбасе, нашых б’юць і г.д. Я і адказваю: а як вы хацелі? Каб прыехалі туды на танках і вас любілі? Як аб сьцяну гарох, бессэнсоўна. Нават камэнтаваць асабліва не выпадае, усё зразумела».

Сьвятлана Алексіевіч запэўнівае, што першапачаткова яе агенты дамаўляліся на інтэрвію з карэспандэнтам газэты «Деловой Петербург», а як гутарка трапіла ў Regnum — ня ведае:

«У мяне былі выступленьні ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Усюды былі журналісты, зь некаторымі было дамоўлена пра разгорнутыя гутаркі. Чалавек, які ўсё гэта арганізоўваў, потым сам быў агаломшаны, як так атрымалася, што зьявіўся няўзгоднены матэрыял. Відаць, што «Деловой Петербург» сапраўды адмовіўся друкаваць тэкст, раз я забараніла і потым яшчэ гэта пацьвердзіў мой прадстаўнік. Тады гэты журналіст надрукаваўся ў іншым месцы. Ніякаму агенцтву я інтэрвію не давала. Выглядае, што там даведаліся і вырашылі скарыстацца сытуацыяй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0