Вось давайце я апішу нейкі зборны вобраз чалавека, а вы скажаце, колькі яму гадоў.

Любіць класічны рок, мала ўспрымае папсу і ўвогуле сучасную музыку. Не любіць сацыяльныя сеткі, карыстаецца імі выключна ў выпадку неабходнасці. Абыякавы да мадэляў тэхнічных гаджэтаў — тэлефонаў, смартфонаў — яны павінны выконваць пэўную функцыю, а не быць моднымі. Абыякавы да моды ў адзенні, і нават з пэўнай пагардай ставіцца да тых, хто за гэтай модай сочыць. Прыхільнік здаровага ладу жыцця, не курыць, не п’е.

Калі я некалькі разоў апісваў людзям такі партрэт і пытаўся, колькі гадоў гэтаму чалавеку — то атрымліваў адказ — 40-50 гадоў.

Але гэтаму «зборнаму» чалавеку 18. І гэта не партрэт майго сына, калі што, — але зборка пэўных рысаў ягонага асяроддзя.

Памятаю, калі размаўляў з Рыгорам Барадуліным — было адчуваньне, што мы равеснікі. Ад таго, што ў яго заўсёды было шмат энергіі і інтарэсу да маіх моладзевых тэмаў. А некаторыя мае равеснікі, якія ўздыхаюць пра мінулае і настальгуюць пра СССР, падаюцца мне дзядулямі. Так і маладыя — чытаеш некаторыя посты, і разумееш, што чытаеш дзіцячыя допісы. Хочацца пагладзіць па галоўцы, але стрымлівае, што аўтару 30 гадоў. А з іншым 25-гадовым размаўляеш як са сваім равеснікам — ён і ведае шмат, і разумее.

Думаю, і многіх з вас было такое ўражанне, калі бабуля бліжэй за аднакласніц альбо калі з сябрамі дзяцей цікавей, чым з равеснікамі. Проста пакаленні дзеляцца не па вертыкалі, а па гарызанталі — і ідэалагічна, і скажам так, энергетычна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?