Спосабы лячэння анкалагічных захворванняў, як аказалася, могуць быць простыя і бяспечныя. Так, у 2015 годзе амерыканскія медыкі ўстанавілі, што аспірын блакуе рост пухлін малочных залозаў і замінае распаўсюду рака грудзей.

І вось чарговым гучным адкрыццём стала праца брытанскіх навукоўцаў, якія даказалі: спалучэнне даксіцыкліну (паўсінтэтычнага антыбіётыку, які шырока выкарыстоўваецца для лячэння праблем скуры) і аскарбінавай кіслаты (вітамін С) знішчае ствалавыя ракавыя клеткі.

«Частка ракавых клетак выжывае пасля хіміятэрапіі і становіцца ўстойлівай да лекаў. Каб даведацца, як яны гэта робяць, мы выпрацавалі новую стратэгію», — распавядае вядучы аўтар працы Майкл Лісанці (Michael Lisanti). «Мы падазравалі, што адказ можа падказаць тое, што некаторыя віды раку, якія мы называем метабалічна гнуткімі, здольныя пераключацца паміж крыніцамі харчавання. То бок калі медыкамент зніжае колькасць даступнага пажыўнага рэчыва, гнуткія ракавыя клеткі могуць «пракарміцца» за кошт альтэрнатыўнай крыніцы».

У сувязі з гэтым даследчыкі распрацавалі падыход, які не дае ракавым клеткам мяняць крыніцы харчавання.

У эксперыменце з культурамі клетак каманда паступова нарошчвала дозу даксіцыкліну на працягу трох месяцаў, развіваючы ў клетак метабалічную рыгіднасць (жорсткасць). Мэта заключалася ва ўтрыманні іх жывымі, але моцна аслабленымі і знясіленымі, каб яны сталі больш успрымальнымі да наступнага ўдару.

Пры гэтым асноўнай крыніцай харчавання для ствалавых ракавых клетак стала глюкоза. І вось тут у барацьбу ўступае вітамін С: у дадзеным выпадку ён паводзіць сябе як інгібітар гліколізу. Іншымі словамі, клеткам проста няма адкуль атрымліваць харчаванне, яны пачынаюць галадаць і паміраць.

Простая камбінацыя вітаміну С і даксіцыкліну (дарэчы, нетаксічных рэчываў, якія могуць знізіць пабочныя эфекты ад супрацьракавай тэрапіі) аказалася амаль у сто разоў больш эфектыўнай, чым 2-дэзоксі-D-глюкоза (2-DG) — іншага перспектыўнага супрацьракавага сродку, які таксама знаходзіцца на стадыі тэставання.

Праўда, аўтары падкрэсліваюць, што такі эфект назіраўся толькі ў лабараторных умовах. Наперадзе будзе праверка эфектыўнасці новага метаду лячэння на жывёлах і з удзелам людзей. А пакуль навукоўцы папярэджваюць, што не варта спрабаваць апрабоўваць такое лячэнне ў хатніх умовах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?