Румынскія парламентарыі прагаласавалі за адхіленне ад пасады прэм'ер-міністра краіны Сорына Грындзяну, які ўзначаліў урад менш за шэсць месяцаў таму, паведамляе ВВС.

Галасаванне было ініцыяванае кіруючай парламенцкай кааліцыяй, у якую ўваходзяць Сацыял-дэмакратычная партыя Румыніі (PSD), членам якой з'яўляецца і сам Грындзяну, а таксама «Альянс лібералаў і дэмакратаў». Дэпутаты палічылі, што прэм'ер не спраўляецца з правядзеннем эканамічных рэформаў.

У падтрымку вынясення вотуму недаверу Грындзяну і яго ўраду выказаўся 241 дэпутат пры неабходным мінімуме ў 233 галасы.

14 чэрвеня ўсе міністры, якія з'яўляюцца членамі PSD, падалі ў адстаўку ў знак недаверу Грындзяну. Пасля гэтага лідар партыі Лівіў Драгня заявіў, што сацыял-дэмакраты сумесна з «Альянсам лібералаў і дэмакратаў» гатовыя сфармаваць новы кабінет.

Грындзяну, аднак, адмовіўся пакідаць свой пост і абвінаваціў Драгню ў спробе замяніць яго лаяльным чалавекам і такім чынам засяродзіць уладу ў сваіх руках.

Сам Драгня не можа прэтэндаваць на пасаду прэм'ера з-за судзімасці.

Урад пад кіраўніцтвам Грындзяну быў зацверджаны ў снежні 2016 года. Яго кандыдатуру прапанавала парламенцкая большасць.

У лютым у Румыніі прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць прыняцця паправак, што прадугледжваюць амністыю для карумпаваных чыноўнікаў, якія нанеслі дзяржаве шкоду менш за 200 тысяч леяў (47,5 тысячы даляраў).

Пратэстоўцы таксама патрабавалі адстаўкі ўрада. У выніку кабінет міністраў адмовіўся ад унясення адпаведных паправак у крымінальны кодэкс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?