Спыніўшыся ў супэргатэлі расейскага мільярдэра Дзерыпаскі, А. Лукашэнка павёў усходнюю дыпляматычную гульню на складаных перамовах з прэзыдэнтам Мядзьведзевым у Сочы. Мядзьведзеў: спачатку ракеты, пасьля газ. Лукашэнка: спачатку газ, пасьля ракеты.

У аўторак у Сочы адбыліся перамовы між кіраўнікамі Беларусі і Расеі Аляксандрам Лукашэнкам і Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Адметна, што аб самой сустрэчы 14 жніўня ўпершыню заявіў Уладзімер Пуцін падчас сустрэчы зь беларускім калегам Сяргеем Сідорскім. Іх размова праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Расейскі прэм'ер нібыта перадаў вырашэньне «беларускіх праблем» Мядзьведзеву.

«Дзьмітрый Анатольевіч чакае. На сустрэчы будуць прадоўжаны перамовы па ўсім комплексе пытаньняў», — адзначыў Пуцін.

Такім чынам Лукашэнку ў сьпешцы давялося перавёрстваць свой працоўны графік. Ужо на наступны дзень пасьля сустрэчы Сідорскага з Пуціным кіраўнік Беларусі вылецеў у Краснадарскі край.

Як адзначае «Комсомольская правда», у Сочы Лукашэнка спыніўся не ў сваёй традыцыйнай рэзыдэнцыі ў Краснай паляне, а ў шыкоўным гатэлі «Радзіма», які належыць расейскаму алігарху беларускага паходжаньня Алегу Дзерыпаску. Выданьне таксама адзначала, што на курорт Лукашэнка гэтым разам прыляцеў бяз родных і артыстаў, а толькі з афіцыйнай дэлегацыяй.

Мала ў каго былі сумневы, што сустрэча будзе насіць жорсткі і бескампрамісны характар. Што Расея будзе дабівацца ўсталяваньня ў Беларусі ракетных комплексаў, а Лукашэнка паспрабуе выйграць таньнейшыя цэны на паліва.

Мядзьведзеў адразу прапанаваў свайму калегу абмеркаваць ня толькі сацыяльныя і эканамічныя пытаньні, але і міжнародныя праблемы. У прыватнасьці, «тую агрэсію, якая была зьдзейсьнена Грузіяй».

І Лукашэнку, які захоўваў у гэтым пытаньні амаль цнатлівае маўчаньне, прыйшлося прагінацца: «Усё было зроблена выдатна, вельмі спакойна, мудра і прыгожа», — выказаўся Лукашэнка. Дасталася і амэрыканцам, і заходнім краінам, якіх беларускі лідэр назваў «недалёкімі людзьмі». Зьвярнула ўвагу, што не «шалудзівымі».

Мядзьведзеў акцэнтаваў увагу, што ці не найгалоўным для яго пытаньнем зьяўляецца «супрацоўніцтва ў рамках АДКБ». Гаворка, напэўна, тут ідзе пра базіраваньне ў Беларусі ракетных комплексаў «Іскандэр‑М» як адказ на ўстаноўку элемэнтаў СПА ЗША ў Польшчы і Чэхіі. «Нам трэба надалей падумаць, як далей рэагаваць на гэта», — перадаюць словы Мядзьведзева расейскія інфармацыйныя агенцтвы.

«Надышоў момант для няпростых дзеяньня ў рамках саюзнай дзяржавы. Час просты дзеяньняў ужо скончыўся», — адказаў на гэта кіраўнік Беларусі.

Была дасягнутая дамоўленасьць аб правядзеньні найвышэйшае дзяржаўнае рады саюзнай дзяржавы, якая найхутчэй пройдзе ўжо пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі — вынік іх прадказальны.

Лукашэнка і Мядзьведзеў дамовіліся вырашыць пытаньне аб стварэньні адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, дамова пра якую і будзе падпісаная цягам наступнага паседжаньня. Гэта дае ў рукі А. Лукашэнку важны рычаг для шантажу Захаду — калі не прызнаеце легітымнасьць выбараў такіх, якімі яны будуць, падпішу аб'яднаньне сыстэмаў СПА. Расея таго дамагаецца ўжо многа гадоў. І рашэньне цаны на газ на 2009 год, адпаведна, таксама адкладаецца на пазьнейшы час.

Наступная ж сустрэча Мядзьведзева і Лукашэнкі пройдзе ўжо 5 верасьня ў Пяцігорску на сэсіі АДКБ.

Вось і ўся інфармацыя, даступная з Сочы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?