Вядомы ў Францыі фітнес-блогер Рэбека Бургер загінула з-за выбуху сіфона для ўзбівання вяршкоў.

Пра смерць дзяўчыны напісалі яе бацькі ў фэйсбуку, паведаміўшы, што дома з ёй адбыўся няшчасны выпадак.

Пазней папярэджанне аб небяспецы няспраўных сіфонаў-крэмераў было апублікавана ў яе акаўнце ў інстаграме. Там ўдакладнялася, што апарат выбухнуў і яго фрагмент ударыў Рэбэку ў грудзі, што прывяло да смерці.

Французскія СМІ паведамлялі, што яна памерла ад спынення сэрца пасля інцыдэнту, нягледзячы на аказаную ёй медыцынскую дапамогу.

Блогер, якая пісала пра фітнес і падарожжы, была добра вядомая ў Францыі, у яе было каля 55 тысяч падпісчыкаў у фэйсбуку i 154 тысячы — у інстаграме.

Кулінарны сіфон працуе, упырскваючы аксід азоту або вуглякіслы газ у металічны кантэйнер. У выніку ўнутры балончыка ствараецца высокі ціск, неабходны для газіравання вады, марынавання або кандытарскіх вырабаў.

Рух у абарону правоў спажыўцоў у Францыі на працягу некалькіх гадоў папярэджваў чытачоў аб няспраўнасці ў сіфоне, якія патэнцыйна могуць быць небяспечнымі

Уладальнікі прылад атрымлівалі розныя траўмы - ад зламаных зубоў і шуму ў вушах да множных пераломаў і, у адным выпадку, страты вачэй, паведамляе часопіс 60 Millions. Аднак выданне адзначае, што новыя прыборы, вырабленыя пасля 2015 года, пакуль выглядаюць бяспечнымі.

У 2013 годзе ахвяра сіфона распавяла радыё RTL: «Я зламала шэсць рэбраў і грудзіну. У бальніцы мне сказалі, што, калі б ўдар і выбух прыйшліся на вобласць сэрца, я была б ужо мёртвая».

Лік падобных інцыдэнтаў настолькі вялікі, што ў 2014 годзе французскія ўлады выпусцілі папярэджанне, дзе адзначалася, што няшчасны выпадак можа адбыцца ў любы момант, нават пасля некалькіх гадоў выкарыстання прыбора.

Прынамсі адзін вытворца адклікаў свае прылады — аднак праз год толькі 25 тысяч чалавек вярнулі сіфоны, хоць куплена было 160 тысяч, перадае Le Parisien.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?