Ракетны комплекс «Іскандэр» прызначаны для паражэньня сыстэмаў супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, авіяцыйнай тэхнікі на аэрадромах, агнявых сродкаў, аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры й г.д.
Фота new-factoria.ru
Ён аснашчаецца дзьвюма ракетамі й можа абстраляць дзьве мэты з інтэрвалам адну хвіліну.
Дальнасьць стральбы «Іскандэра‑Э» складае 50‑280 км, а маса карыснай нагрузкі — 480 км. Для экспарту зброю з большымі характарыстыкамі не дазваляюць рабіць міжнародныя правілы.
Траекторыя палёту ракеты цяжкапрадказальная для праціўніка, а комплекс дазваляе кіраваць ёю ўвесь час да пацэльваньня. Ляціць ракета на вышыні 50 км, дзе яе яшчэ цяжэй зьбіць. Максымальна магчымая дакладнасьць пацэльваньня вымяраецца мэтрамі.
Першапачаткова «Іскандэр» распрацоўваўся ў разьліку на блізкаўсходніх кліентаў. Адсюль і прыемная тамтэйшаму вуху назва — усходні варыянт імя Аляксандра Вялікага.
Адметна, што Лукашэнка зь Мядзьведзевым перамаўляюцца пра пастаўку комплексу «Іскандэр‑М», які распрацаваны для войскаў Расеі й ня можа ў адпаведнасьці зь міжнародным правам пастаўляцца ў іншыя дзяржавы. Прычынай — тэхнічныя характарыстыкі: комплекс можа дабіваць на адлегласьць да 500 км (амаль удвая большую за экспартны варыянт) і патэнцыйна страляць ня толькі асколачна‑фугаснымі ракетамі.
Пастаўка гэтых комплексаў у Беларусь будзе значыць, што Расея або выходзіць з дамовы пра ракеты сярэдняй і малой дальнасьці (РСМД), або не ўспрымае Беларусь як асобную дзяржаву.
Многія вайсковыя экспэрты выказвалі меркаваньні, што Расея можа выйсьці зь бестэрміновае дамовы пра РМСД, падпісанае ў 1987 годзе.
У выпадку разьмяшчэньня ў Беларусі «Іскандэр‑М» будзе дабіваць да амэрыканскіх радараў у Чэхіі, а «Іскандэр‑Э» — да батарэяў у Польшчы.