Расспажыўнагляд рэкамендуе расіянам, якія выязджаюць у краіны Еўропы, дзе ў бліжэйшы час адбудуцца ЛГБТ-фестывалі, зрабіць прафілактычную прышчэпку супраць гепатыту A. Як адзначылі ў ведамстве, большасць выпадкаў захворванняў на гепатыт А зафіксавана сярод гомасэксуальных мужчын, паведамляе ВВС.

У ведамстве заявілі, што з чэрвеня па верасень 2017 года ў Еўропе пройдуць некалькі нацыянальных і міжнародных ЛГБТ-парадаў, у тым ліку сусветны фестываль у Мадрыдзе, які будзе працягвацца з 23 чэрвеня па 2 ліпеня 2017 года.

«Хоць рызыка перадачы віруса гепатыту А харчовым і водным шляхамі ў Іспаніі ацэньваецца як нізкая або ўмераная, імавернасць кантактнага шляху перадачы інфекцыі ад чалавека да чалавека ацэньваецца як высокая», — падкрэсліваецца ў паведамленні Расспажыўнагляду.

«З мэтай прафілактыкі захворвання людзям, якія выязджаюць у краіны Еўрапейскага рэгіёну, рэкамендуецца зрабіць прышчэпку супраць гепатыту А», — заключае ведамства.

У сваім паведамленні Расспажыўнагляд прыводзіць даныя Еўрапейскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў (ECDC) і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) аб росце колькасці захворванняў на гепатыт А.

У той жа час сама СААЗ адзначае, што павышаная рызыка захворвання на гепатыт A існуе для мужчын, якія маюць сэкс з мужчынамі, людзей з хранічнымі хваробамі печані, спажыўцоў рэкрэацыйных прэпаратаў і людзей, якія здзяйсняюць паездкі ў месцы, дзе вірус з'яўляецца эндэмічным.

Гепатыт А — хвароба печані віруснага паходжання. Вірус гепатыту А з'яўляецца адной з найбольш частых прычын інфекцыі харчовага паходжання. Ён распаўсюджваецца ў асноўным пры спажыванні харчовых прадуктаў і вады, забруджаных фекаліямі інфікаванага чалавека.

Хвароба цесна звязаная з адсутнасцю бяспечнай вады або ежы, неналежнай санітарыяй і дрэннай асабістай гігіенай.

У адрозненне ад гепатыту В і С інфікаванне гепатытам А не прыводзіць да развіцця хранічнай хваробы печані і рэдка заканчваецца смяротным зыходам, але можа выклікаць сімптомы, якія паслабляюць здароўе.

Як адзначае СААЗ, асобныя выпадкі захворвання і эпідэміі гепатыту А адбываюцца ва ўсім свеце і маюць тэндэнцыю да цыклічнасці. Пры гэтым у развітых краінах з належнымі санітарнымі і гігіенічнымі ўмовамі паказчыкі інфекцыі нізкія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?