У сферы адукацыі ў жніўні павінны быць расстаўлены ўсе кропкі над «i». Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў сёння ў час нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта.

«Мы павінны ў жніўні расставіць усе кропкі над «i» і вызначыць тэрміны, у якія мы вырашым тыя праблемы, якія там засталіся. Да прыкладу, падручнікі. Калі, дзе, у якім аб'ёме мы прапрацуем новыя падручнікі і выдамо іх? Гэта адна з праблем, ёсць і іншыя», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Нямала пытанняў, заўважыў кіраўнік краіны, у сферы сельскай гаспадаркі. Аднак падрабязна гэтая тэма будзе разгледжана пазней. «Мы дамовіліся, што вернемся да гэтай праблемы восенню, пасля ўборачнай кампаніі», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас нарады таксама абмяркоўвалася становішча спраў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, крокі па разняволенню прадпрымальніцкай ініцыятывы, перыядычнасць разгляду на ўзроўні прэзідэнта агульнанацыянальных пытанняў, а таксама іншыя тэмы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад удзельнікаў мерапрыемства не зачытваць справаздачы, а падымаць пытанні, якія сапраўды патрабуюць рашэння на самым высокім узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?