У Мінску з’явіцца помнік Каліноўскаму? «Кожны помнік у краіне ўзгадняе асабіста прэзідэнт»
У новым плане забудовы вуліцы Каліноўскага прадугледжаная мемарыяльная зона з помнікам герою Паўстання 1863 года.

Праект забудовы, распрацаваны «Мінскграда», вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведамляе Onliner.by.

У камітэце архітэктуры і горадабудавання Мінгарвыканкама паведамілі, што калі праект вынесены на грамадскае абмеркаванне, то, значыць, ён ужо быў узгоднены.
Аднак помнік можа і не з’явіцца.
«Дэтальны план забудовы — гэта, скажам так, дакумент пра стратэгію развіцця, кірунак развіцця тэрыторыі. І ў такіх дакументах помнікі не пазначаюць, — патлумачыла «Нашай Ніве» Ірына Вабішчэвіч, начальнік аддзела гістарычнай забудовы і добраўпарадкавання камітэта архітэктуры. — Узгадненне і ўсталяванне помніка праходзіць зусім па-іншаму, яно не мае дачынення да дэтальнага плана забудовы, яно можа праходзіць пазней ці нават паралельна і незалежна ад яго».
Яшчэ адзін цікавы момант: па словах Вабішчэвіч, кожны помнік, які ставяць у гонар нейкай асобы, спачатку павінен атрымаць «дабро» ад прэзідэнта. Толькі калі Лукашэнка не выкажацца супраць, тады пачынаецца праца.
Што ж тычыцца нейкай працы па ўсталяванні помніка Каліноўскаму, то ва ўпраўленні па ідэалагічнай працы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама паведамілі, што нічога не чулі пра гэта.
У «Мінскграда» падрабязнасці з’яўлення помніка ў сваім праекце пакуль не каментуюць.
Нагадаем, што кампанія па зборы подпісаў праходзіла яшчэ ў 2013 годзе. Тады за неабходнасць устаноўкі помніка Каліноўскаму выказаліся амаль 4 тысячы чалавек. Але Мінгарвыканкам адказаў, што на адзін з дамоў па вуліцы Каліноўскага вярнулі мемарыяльную дошку, таму ўсталёўваць помнік ужо «немэтазгодна».
Каментары