Ноччу ў аграгарадку Боркавічы ў Верхнядзвінскім раёне згарэў дом. Ратавальнікі знайшлі целы трох дарослых і пяцімесячнага немаўляці.
Паведамленне пра пажар ад відавочцы паступіла ў МНС 24 чэрвеня ў 03.25. Гарэў дом на вуліцы Рабочай.
Ратавальнікі, што прыбылі на месца здарэння, пабачылі, што дом ахоплены агнём, затым у будынку абрынуўся дах.
«Падчас тушэння былі знойдзены трупы траіх дарослых, а таксама цела хлопчыка 2017 года нараджэння, унука гаспадароў дома», — распавялі ў МНС.
У ведамстве таксама паведамілі, што, паводле папярэдняй інфармацыі, гаспадар дома і яго жонка на момант пажару адсутнічалі.
Прычына пажару высвятляецца, на месцы працуюць супрацоўнікі Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
«Пры пажары загінулі 24-гадовы мужчына і яго 31-гадовая сужыцелька, 21-гадовая сястра загінулага мужчыны і яе 5-месячнае дзіця. Устаноўлена, што дом належыць бацькам загінулых брата і сястры», - распавяла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.