Да 1 верасня ў Мінску плануецца аднавіць рух трамваяў у напрамку чыгуначнага вакзала. Пра гэта, як перадаюць «Мінск-Навіны», падчас прамой лініі 24 чэрвеня паведаміў генеральны дырэктар ГП «Мінсктранс» Лявонцій Папянок.

Гэта адбудзецца, калі будаўнікі метро на гэтым участку завершаць комплекс работ па ўзвядзенні перасадачнага вузла з 3-й на 1-ю лінію падземкі.

— З нашага боку затрымкі не будзе, — запэўніў Папянок. — Да гэтага часу завершым рэканструкцыю ўчастка трамвайных шляхоў на вуліцы Чапаева ад Казлова да Бядулі. А на вуліцах Першамайскай і Ульянаўскай рамонтныя брыгады ўжо пачалі прыводзіць рэйкі ў парадак. Гэты ўчастак пакуль не рэканструявалі, але неабходныя пэўныя прафілактычныя працы, паколькі ён некаторы час не эксплуатаваўся.

А вось па вуліцы Кастрычніцкай трамваі курсіраваць не будуць. На думку кіраўніка «Мінсктранса», аўтобус 127-га маршрута вырашыў усе праблемы з транспартным злучэннем у гэтай частцы горада.

- Галоўная прычына, па якой мы пакуль не плануем аднаўляць рух па Кастрычніцкай, - вельмі дрэнны стан камунікацый: амаль усе інжынерныя сеткі там падлягаюць перакладцы, - адзначыў ён. - Калі б, як раней, планавалася будаўніцтва трамвайнай лініі ў Серабранку, то рэйкі тут, вядома, рэканструявалі б. А пакуль гэта не мае сэнсу.

Зрэшты, да вуліцы Бабруйскай трамвайны рух адновіцца таксама толькі на час. Пазней гэтую лінію зноў закрыюць - ужо на рэканструкцыю. Даты пакуль не ўдакладняюцца. Меркавана - у першай палове наступнага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0