Намеснік старшыні сінадальнага аддзела Рускай праваслаўнай царквы па сувязях з грамадскасцю і СМІ Вахтанг Кіпшыдзэ заявіў, што ананімнасць у інтэрнэце часцей за ўсё азначае «дэфіцыт адказнасці», паведамляе ВВС.

«Ананімнасць, як і любая іншая з'ява, калі даводзіцца да абсурду, нясе небяспеку. У пэўных выпадках чалавек мае права на таямніцу свайго жыцця, напрыклад, пры здачы аналізаў на ВІЧ. Аднак ананімнасць, на жаль, часцей за ўсё становіцца сінонімам безадказнасці», — лічыць ён.

«Ананімнасць выкарыстоўваюць у тым ліку для таго, каб не несці адказнасць за сваю дзейнасць: за абразу іншых людзей, за арганізацыю злачынных супольнасцяў, для скланення дзяцей да самагубства», — дадаў Кіпшыдзэ.

Ён таксама пракаментаваў ініцыятыву Раскамнагляда па блакаванні месенджара Telegram, сказаўшы, што «ўлада мае права разглядаць законныя меры, накіраваныя на барацьбу з экстрэмізмам і тэрарызмам, у прыватнасці і ў месенджарах».

Такім чынам Кіпшыдзэ пракаментаваў заяву, зробленую праваслаўным публіцыстам і інтэрнэт-прапаведнікам іераманахам Макарыем на круглым стале «Свабода сумлення, хрысціянская антрапалогія і развіццё новых інфармацыйных тэхналогій».

Іераманах Макарый заявіў, што ананімнасць у інтэрнэце нельга разглядаць як права чалавека. «Ананімнасць — гэта не права асобы, а права сатаны, які знішчае асобу», — заявіў іераманах Макарый.

Паводле яго слоў, дзякуючы ананімнасці ў інтэрнэце адбываюцца «д'ябальскія дыверсіі», якім можна супрацьстаяць, выпрацаваўшы «імунітэт і інталерантнасць» да шкоднасных меркаванняў, якія распаўсюджваюцца ў інтэрнэце.

Раней патрыярх Кірыл заявіў, што інтэрнэт выклікае негатыўнае стаўленне да Рускай праваслаўнай царквы ў маладога пакалення.

«Адбываецца гэта, вядома, не на роўным месцы, адбываецца гэта пад уплывам моцнага і варожага ў адносінах да царквы інфармацыйнага патоку, які распаўсюджваецца праз сацыяльныя сеткі», — сказаў патрыярх.

14 чэрвеня Дзярждума РФ прыняла ў першым чытанні законапраект аб ананімнасці ў месенджараз. Законапраект прапануе абавязаць месенджары прадастаўляць свае паслугі толькі ідэнтыфікаваным па абаненцкім нумары карыстальнікам.

Пры гэтым прапануецца надзяліць Раскамнагляд правам абмяжоўваць рассылку паведамленняў з інфармацыяй, якая распаўсюджваецца з парушэннем закона. Такой інфармацыяй могуць быць, напрыклад, паведамленні аб несанкцыянаваных мітынгах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?