Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў, што будынак Вярхоўнага суда краіны ў Каракасе абстралялі з верталёта. Мадура назваў здарэнне тэрарыстычным нападам, закліканым дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.

Інцыдэнт з абстрэлам Вярхоўнага суда адбыўся, калі Мадура выступаў у жывым эфіры па дзяржаўным тэлебачанні.

Прэзідэнт расказаў, што верталёт абстраляў будынак суда ў сталіцы краіны і запусціў дзве гранаты, адна з якіх не ўзарвалася. Мадура паведаміў, што па трывозе паднялі сілы супрацьпаветранай абароны.

Ён дадаў, што спецпадраздзяленні сілавых структур шукаюць арганізатараў і ўдзельнікаў абстрэлу.

«Адзін з пілотаў раней быў пілотам Мігеля Радрыгеса Торэса, былога міністра [ўнутраных спраў], які знаходзіцца ў кантакце з ЦРУ», — сказаў Мадура. Ён выказаў надзею, што апазіцыя асудзіць гэтую атаку. «Акцыя магла прывесці да сотняў параненых», — адзначыў прэзідэнт.

Верталёт належаў корпусу навуковых, крымінальных і крыміналістычных расследаванняў паліцыі Венесуэлы (CICPC), паведаміў міністр сувязі і інфармацыі Эрнэста Вільегас. «Адзін чалавек падняў зброю супраць рэспублікі. Ён выкраў верталёт і атакаваў Вярхоўны суд», — прыводзіць канал NTN 24 словы Вільегаса.

Па сацыяльных сетках разышліся фатаграфіі верталёта ў ліўрэі CICPC, з борта якога вывешаны плакат з надпісам «350. Libertad» («350. Свабода»). У артыкуле 350 канстытуцыі Венесуэлы гаворыцца пра магчымасць непрызнання грамадзянамі ўлады, калі яна парушае дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека.

Мясцовыя СМІ адзначаюць, што пілотам верталёта мог быць афіцэр CICPC Оскар Перэс. У сацыяльных сетках апублікаваны яго відэазварот. «Мы — кааліцыя вайскоўцаў, паліцыянтаў і цывільных чыноўнікаў у пошуку балансу і супраць недаўгавечнага злачыннага ўрада», — кажа пілот на відэа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?