Dour Festival у Бельгіі
Калі вы любіце якасную музыку і хацелі б выехаць на актыўны адпачынак за межы краіны, ёсць выдатны варыянт. 12—16 ліпеня бельгійскае мястэчка Дур прыме меламанаў і проста актыўных людзей з усяго свету на Dour Festival. Сёлетняя праграма легендарнага фэсту ўключае больш за дзвесце гуртоў і выканаўцаў абсалютна розных музычных стыляў. Хэдлайнеркай выступіць спявачка M.I.A — не толькі таленавітая, але і неабыякавая, моцная жанчына, якая змагаецца за правы грамадзян краін «трэцяга свету» і ўжо некалькі гадоў не можа заехаць у ЗША з палітычных прычынаў.
Каб наведаць Dour Festival, трэба загаддзя набыць квіток, прычым як мага хутчэй, бо засталося іх зусім мала. Квіток на ўсе праграмныя 5 дзён каштуе €155, за адзін дзень — ад €55. Даляцець найтанней можна з Варшавы да Брусэля, адкуль аўтобусам дабрацца да месца фестывалю. Квіток на самалёт будзе каштаваць ад €9.
Падарожжа «Касмічная Беларусь» —
для аматараў аўтаспыну
Калі вы маеце ўсяго два-тры вольныя дні і не хочаце выязджаць далёка за мяжу, прапануем вам ідэю канцэптуальнага падарожжа. Марс, Юпітэр, Звязда, Няптун, Лунная, Венера — па гэтых пунктах можна аб’ехаць нашу краіну, захапіўшы намёты і добры настрой. Аўтарамі і выканаўцамі такой вандроўкі сталі гэтым летам Глеб Вайкуль і Даша Бараноўская — маладзёны, дзякуючы якім мы можам чуць беларускую класічную музыку падчас чакання чарговага цягніка ў мінскім метро. Такі варыянт актыўнага адпачынку падыдзе, напрыклад, тым, хто хацеў бы ўцячы з шумнага Мінска 3-га ліпеня, падчас трохдзённых выхадных. Вось як выглядае маршрут, складзены Глебам і Дашай:
Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы
Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы, які сёлета пройдзе ў Лондане, варта наведаць як мінімум таму, што гэта апошні сезон легендарнага ямайскага бегуна Усэйна Болта. Хутчэй за яго стаметроўку не прабягаў ніхто і наўрад ці зможа ў найбліжэйшай будучыні. І цяпер легенда сыходзіць. Само сабой, матываваць мусіць таксама хваляванне за нашых зорачак Талай і Арзамасаву, ці змогуць яны заваяваць медалі пасля няўдалай Алімпіяды. На чэмпіянаце свету будзе хапаць і іншых драм, рэкордаў і поспехаў.
Калі: 5—13 жніўня.
Дзе: Лондан, Вялікабрытанія.
Найтанней дабрацца: З Варшавы квіток на самалёт абыдзецца ў €13 у адзін бок.
Чаму яшчэ варта паехаць: Лондан — самы папулярны турыстычны кірунак у Еўропе. І гэта не толькі Біг Бэн і Букінгемскі палац, але непаўторная поліэтнічнасць горада, якая надае дадатковую прывабнасць. Напрыклад, Лондан лічыцца найлепшым горадам у свеце ў выбары вулічнай ежы.
Летнік ад «Арт Сядзібы»
Чатырохдзённы летнік «Беларусам быць годна» — чарговая ініцыятыва «Арт Сядзібы», закліканая натхніць і аб’яднаць актыўную беларускую моладзь. Жыць удзельнікі будуць у намётах, надвор’е абяцае быць спрыяльным. Апроч адпачынку, арганізатары абяцаюць і навучальную частку праграмы, дзе ментары будуць дзяліцца сваім досведам у галіне праектнага менеджменту.
Удзел у летніку бясплатны. Усё, што табе патрэбна, каб далучыцца, — гэта перайсці па спасылцы і запоўніць форму. А таксама мець узрост ад 18 да 25 гадоў: усё ж летнік прызначаны для маладых людзей, навічкоў у сферы арт-менеджменту.
Калі: 27—30 ліпеня.
Дзе: на прыродзе, непадалёк ад Мінска.
Вандроўка па Гомельшчыне з Сацукевічам
Вандроўкі з Іванам Сацукевічам наведвальнікі экскурсій характарызуюць не толькі як надзвычай пазнавальныя, але і натхняльныя. Глыбокія веды Івана ў гісторыі, а таксама харызма, з якой ён іх падае слухачам, уражваюць нават самую патрабавальную публіку.
У адны з ліпеньскіх выходных — 22—23 ліпеня — Іван правядзе экскурсію па Гомельшчыне з маршрутам Мінск — Гомель — Добруш — Ветка — Чачэрск — Мінск. Асабліва рэкамендуем далучыцца скептыкам, якія ўпэўнены, што Усходняя Беларусь бедная на гісторыю і не мае што паказаць. Вы пераканаецеся ў адваротным!
Цана двухдзённай экскурсіі — 105 рублёў, пастаянным удзельнікам зніжкі. Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэлефонах: +375 (29) 134-28-04, +375 (25) 545-84-30 (Валерыя).
Фестываль фінскага танга ў Мінску
Сёлета фіны святкуюць 100-годдзе сваёй незалежнасці і з гэтай нагоды імкнуцца праводзіць шмат нацыянальных культурніцкіх імпрэзаў па ўсім свеце. У апошнюю суботу ліпеня ў нашай сталіцы пройдзе фестываль з удзелам папулярных фінскіх і беларускіх артыстаў, якія правядуць танцавальныя майстар-класы для ўдзельнікаў. Апроч таго, на фестывалі будзе магчымасць паспрабаваць свае сілы на аўтаномным скаладроме, павучыцца фінскай мове і выпечцы фінскіх кандытарскіх вырабаў, пагуляць у фінскія гарадкі і фларбол і іншыя цікавосткі. Больш падрабязнасцяў тут.
Калі: 29 ліпеня.
Дзе: Мінск, плошча Свабоды, Верхні горад.
Орхус і Пафас
Штогод, пачынаючы з 1985-га, Еўрасаюз абірае гарады, якія прызнаюцца часовымі культурнымі сталіцамі, і распрацоўвае насычаную праграму мерапрыемстваў на бягучы год. Сёлета еўрапейскімі культурнымі сталіцамі былі абраны дацкі Орхус і горад Пафас, што размяшчаецца ў паўднёва-заходняй частцы вострава Кіпр. Абодва гарады маюць у сваёй гадавой праграме вялізную колькасць імпрэзаў розных тэматык: ад адукацыйных экскурсій і музычных выступаў да фестываляў піва і экзатычнай ежы. Таму паверце: дабраўшыся да сёлетніх культурных эпіцэнтраў, дакладна не засумуеце і знойдзеце забаву па душы і настроі. Больш інфармацыі пра мерапрыемствы:
Орхус — тут,
Пафас — па гэтай спасылцы.
Адпачывайце карысна!
Цёплага вам лета!
ТАА «Ірвінга Група»
УНП 191751509