Вядомы музыка Зміцер Сасноўскі напісаў рэзкі пост на старонцы ў фэйсбуку, у якім прагучала на адрас поўных людзей нямала колкасцяў: «Вы — тлушч біямасы, лайдачы адкід чалавечай матэрыі». Мы папрасілі Змітра патлумачыць, з чаго раптам ён зачапіў гэтую тэму.

Зміцер Сасноўскі. Фота staryolsa.com

Зміцер Сасноўскі. Фота staryolsa.com

«Гэта мая жыццёвая пазіцыя. Але калі я пачуў, што 60% беларусаў знаходзяцца на мяжы атлусцення, а пад 30% пакутуюць на атлусценне — гэта стала апошняй кропляй. Як былому спартоўцу, мне ў прынцыпе непрыемныя лайдакаватыя людзі, якія няўважліва ставяцца не толькі да свайго здароўя, але і да свайго знешняга выгляду, — кажа музыка. —

Гэта лайдацтва! Усе мае знаёмыя з узростам становяцца пузатымі, грузнымі і проста неахайнымі. Я па жыцці чалавек акуратны, і мне гэта не падабаецца. Я лічу, што дрэнны, неахайны выгляд — проста непавага да іншых. Па-першае, па прычыне знешняй. Па-другое — гэта хвароба. Чалавек сваё лайдацтва ператварае ў праблему блізкіх: яго трэба даглядаць сваякам, на яго лячэнне дзяржава мусіць выдаткоўваць грошы. Я лічу гэта амаральным».

На думку спадара Сасноўскага, адна з прычын, па якой беларусы пачалі «расплывацца», — урбанізацыя.

«Гэта прывяло да таго, што фізічнай працай, фізічным рухам людзі займаюцца ўсё менш і менш. У пагоні за гэтай урбанізаванай раскошай і камфортам беларусы забыліся на тое, што становяцца нейкім пудзілам, — працягвае думку Зміцер. — Я падбіваў некаторых знаёмых паехаць разам ці на вёску, фізічна папрацаваць, ці на стадыёне пабегаць — безвынікова. Гэта сведчыць, у першую чаргу, пра заняпад імпэту да жыцця, жадання ўдасканальвацца і інтэлектуальна, і фізічна.

Мы ўсё ж такі лайдакі, хачу адзначыць. Беларусы — лайдакі. Можна бясконца ўсхваляць нас, казаць, якія мы працавітыя, але мы — эгаісты і лайдакі. Я люблю сваю нацыю і толькі таму хачу казаць пра яе праблемы. Мы павінны набрацца самаўпэўненасці, смеласці, каб гаварыць пра нашы недахопы. Гэтае бясконцае самаўсхваленне проста смешнае».

Музыка кажа, што не ганарыцца сваімі жорсткімі і грубымі выказваннямі ў фэйсбуку. Сёння ён называе гэта ганебнай выхадкай, якую б ён другі раз не паўтарыў.

«Я не ганаруся сваімі жорсткімі і грубымі выказваннямі. Калі браць хрысціянскую этыку, якая мне імпануе, мы не маем права асуджаць. Таму я не хацеў бы асуджаць. І гэтую сваю выхадку лічу ганебнай», — кажа ён.

Тым не менш, заўважае, што «нармальныя людзі паставіліся нармальна, а на пакрыўджаных ваду возяць».

«Я толькі што быў у сваёй бабулі ў вёсцы, ёй 92 гады. Яна ўздымаецца ў 6 гадзін, даглядае гаспадарку. Бабуля ўся жвавая, нягледзячы на ўзроставыя хваробы. І дэвіз яе — трэба варушыцца, — дадае Сасноўскі. — Я лічу, што мы з нашым цяперашнім стаўленнем да такіх узростаў не дажывём. Дзядуля маёй жонкі памёр у 96 гадоў. Яны жылі ў вёсцы, яны рухаліся».

Сам Зміцер рэгулярна бывае на стадыёне. Прабегчыся, пазаймацца на турніках — гэта святое.

«Шмат людзей — хрысціяне, паганцы — гавораць пра «месцы сілы», дзе моцная энергетыка. Месцы з крыніцамі, з велізарнымі валунамі. Я хачу ўпэўніць, што месцам сілы з’яўляецца стадыён. Пяць-шэсць кіламетраў бегу, заняткі на турніках і яшчэ кіламетр-паўтара бегу як замінка, ужо пры канцы, — расказвае пра свой спартовы расклад музыка. — Паміж людзьмі на стадыёне якраз самая моцная энергетыка. Я на сваім сустракаю і мужчын, і жанчын, і дзяцей, якія прыходзяць, трэніруюцца. Мае дзеці таксама гімнастыкай займаюцца».

Лепш за турнікі і бег для Сасноўскага хіба толькі плаванне.

«Нашы сусветныя гастролі дазваляюць плаваць у розных акіянах, марах і дзе толькі можна. Плаваць і плаваць. Гэта самае любімае, бо я займаўся плаваннем яшчэ ў школе алімпійскага рэзерву ў Гомелі. Гэта самае лепшае, што існуе. Вяртае ў тое асяроддзе, з якога мы выйшлі і ў якое мусім вярнуцца».

* * *

Праз дзень пасля публікацыі матэрыялу Зміцер звярнуўся да каментатараў «Нашай Нівы»:

«Перачытаў каментары на «НН». Для не асабліва ўважлівых: у фэйсбуку я пісаў выключна пра канапных фанатаў футбола і пра шчырых апалагетаў паганства. У маім пасце не было нічога для хворых і пра хворых людзей. Уражанне, што адмоўная рэакцыя на ўсё — гэта ўжо масавы псіхоз беларусаў!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?