Паведамляе БЕЛТА: «Аляксандр Лукашэнка, які працягвае перабываць у Сочы, 20 жніўня сустрэўся з прэзідэнтамі непрызнаных Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Сустрэча адбылася па ініцыятыве абхазскага і паўднёваасецінскага бакоў.

А. Лукашэнка падкрэсліў, што «не расіяне стварылі гэты канфлікт ў Асеціі і Абхазіі - гэта была праблема Грузіі, гэта была спрэчка народаў». Ён адзначыў: «І народ Паўднёвай Асеціі, і народ Абхазіі ведалі, што ў складзе Грузіі яны жыць не могуць. І ўзнік канфлікт.

Я помню гэта пасяджэнне кіраўнікоў дзяржаў СНД, калі паўднёваасецінскі і абхазскі бакі выказалі абурэнне ад імя сваіх народаў. Грузіны вуснамі свайго прэзідэнта папрасілі міжнародную супольнасць умяшацца і ўвесці міратворчы кантынгент. Тады развальваўся СССР. Усе былі ў эйфарыі
. Навошта сусветнай супольнасці былі патрэбны гэтыя канфлікты? І там развальвалася, і там: і ў Абхазіі, і ў Асеціі, і ў Прыднястроўі нікому нічога не трэба было. І яны [прадстаўнікі міжнароднай супольнасці] тады па чарзе не ездзілі, не абаранялі ні асецінскі народ, ні грузінаў, ні абхазаў. Па просьбе прэзідэнта Грузіі (я гэта добра помню) мы прынялі рашэнне. Я тады першы сказаў: войскі туды не пашлю — наша Канстытуцыя гэта забараняе. У Расіі ж было шмат унутраных праблем, яе раздзіралі канфлікты, ёй не да гэтага было. Расія спытала: як быць? І мы, кіраўнікі дзяржаў СНД, прынялі рашэнне ўгаварыць прэзідэнта Расіі накіраваць у Паўднёвую Асецію і Абхазію расійскіх міратворцаў, гэта значыць, па просьбе грузінскага прэзідэнта былі накіраваны міратворцы. Вось у чым праўда, у чым ісціна. І што ж адбылося цяпер? Расія выканала гэты абавязак. Прайшоў час, і ні разу грузінскі бок не сказаў: расіяне, ідзіце з Асеціі як міратворцы і давайце будзем думаць пра нейкія іншыя міратворчыя сілы. Вазьміце стэнаграмы і пачытайце — у расіян яны ёсць. Усюды прэзідэнт Грузіі дзякуе Расіі за тыя намаганні, якія яна прыкладае па міратворчасці ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Усюды. Ён нідзе не сказаў, не ўнёс у парадак дня пытанне (а ён меў на гэта права) аб вывадзе міратворцаў, ён толькі дзякаваў Расіі за тое, што яна захоўвае мір. І выйсця ў Расіі не было. Яна павінна была выконваць сваю міратворчую місію, па-першае. А па-другое, яна, атрымаўшы аплявуху такім чынам, што ж, павінна была ўмыцца?
І потым я катэгарычна супраць таго выказвання, што вось, маўляў, Расія вяла вайну. Ніякай вайны не было.

Была цудоўная аперацыя і Расіі, і вашых людзей. Людзі абаранялі сваю зямлю, міратворцы выконвалі сваю місію. За 2—3 дні пытанне было вырашана, і там усталяваўся мір. А калі б гэта не адбылося? Калі б было так, як таго патрабуюць сёння ЗША і Захад? Там да гэтага часу вялася б вайна, лілася б кроў. Калі я ўбачыў, што заходнікі пачалі сюды ехаць, каб адзначыцца і зрабіць нейкія заявы, я катэгарычна сказаў: мы ў гэтым не ўдзельнічаем! Таму што яны гавораць зусім пра іншае, яны забылі перадгісторыю канфлікту, забылі ўсё.

І не трэба сёння штурхаць ні Абхазію, ні Асецію, ні Расію за тое, што яны паводзілі сябе такім чынам. Яны паводзілі сябе так па просьбе прэзідэнта Грузіі, як я аб гэтым ужо нагадаў.
І я Дзмітрыю Мядзведзеву ўчора сказаў: я не збіраюся адзначацца ў гэтым шматгалоссі і заяўляць, што кагосьці падтрымліваю, кагосьці адабраю або не адабраю. Вось наша пазіцыя. Расія паводзіла сябе правільна. І яна паводзіла сябе так у тым ліку і таму, што гэта было рашэнне наша — кіраўнікоў дзяржаў СНД. Адзінае, што трэба было зрабіць яшчэ, дык гэта расіяне павінны былі на наступны дзень сабраць кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці і сказаць ім: мы ж дзейнічалі па вашым даручэнні».

У сваю чаргу прэзідэнт Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, а прэзідэнт Абхазіі Сяргей Багапш таксама падзякаваў за цвёрдую і выразную пазіцыю беларускага боку ў гэтым пытанні. Ён таксама заявіў: «Ні Абхазія, ні Паўднёвая Асеція не будуць у складзе Грузіі, і ніхто не прымусіць нас там застацца».

Па выніках сустрэчы з кіраўнікамі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі А. Лукашэнка даў даручэнне накіраваць у гэтыя рэгіёны групу беларускіх спецыялістаў, якія б на месцах падрабязна азнаёміліся з сітуацыяй і вызначылі, якую менавіта гуманітарную дапамогу неабходна яшчэ сюды накіраваць. Акрамя таго, спецыялісты павінны выпрацаваць канкрэтныя прапановы па пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй», — паведамляе БЕЛТА.

Сёньня ж парлямэнт Абхазіі зьвярнуўся да Расіі з просьбай аб прызнаньні незалежнасьці краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?