Анамальная спёка ў суботу прыйшла ва Усходнюю Еўропу і пачала адзін за адным абнаўляць тэмпературныя рэкорды.

У Румыніі слупок тэрмометра паднянўся вышэй за адзнаку ў плюс 42 градусы, у Балгарыі паветра ўвогуле прагрэлася да 44 градусаў.

Экстрэмальныя ўмовы ўжо прывялі да чалавечых ахвяр, улады абвясцілі крытычны ўзровень пагоднай небяспекі.

У Балгарыі гарачэй за ўсё ў суботу было ў горадзе Русе на Дунаі, дзе, паводле Нацыянальнага інстытута метэаралогіі і гідралогіі Балгарскай акадэміі навук, тэмпература дасягнула рэкордных 44 градусаў. Акрамя таго, тэмпературны рэкорд (за 115 гадоў метэаназіранняў) быў усталяваны ў Плевене: 40 градусаў у цені (на 3 градусы вышэй, чым было ў 1963 годзе), перадае ТАСС.

У сталіцы Балгарыі Сафіі з-за высокіх тэмператур загінулі пяць чалавек, 180, у тым ліку дзеці і людзі сталага веку, звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Па ўсёй краіне колькасць пацярпелых дасягнула некалькіх соцень.

Амаль ва ўсёй Балгарыі аб'яўлены крытычны ўзровень небяспечных метэаралагічных з'яў.

У Румыніі па ўсёй краіне тэрмометры перавысілі адзнаку ў плюс 40 градусаў, у паўднёвым горадзе Джурджу было асабліва горача — плюс 42. У 19 паўднёвых і ўсходніх паветах краіны, уключаючы Бухарэст, уведзены максімальны «чырвоны код» пагоднай небяспекі, які азначае «моцную спякоту і цеплавы дыскамфорт».

Румынскія метэаролагі паведамляюць, што ночы ў краіне ў найбліжэйшыя дні будуць «трапічнымі», тэрмометры не будуць апускацца ніжэй за 20 градусаў, а індэкс тэмпературы і вільготнасці перавысіць крытычны парог у 80 адзінак. Такое папярэджанне Нацыянальная метэаралагічная адміністрацыя да гэтага часу рабіла толькі двойчы за ўсю гісторыю.

Улады Румыніі адкрылі ў гарадах пункты першай дапамогі і забеспячэння пітной вадой, ваду таксама раздаюць пасажырам у грамадскім транспарце. На дарогах забаронены рух буйнатанажнага транспарту з-за распаленага асфальту, зменшаная хуткасць руху цягнікоў, паколькі ў асобных месцах на ўзроўні глебы тэмпература перавышае плюс 50.

У Беларусі сёння і ў наступныя дні — каля +20, месцамі кароткачасовыя дажджы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0