Журналісту «Украінскай праўды» Аксане Каваленка забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Пра гэта напісала ў Фэйсбуку сама Каваленка.

«Сёння ноччу на пункце пропуску Цяруха беларускія памежнікі знялі мяне з цягніка Кіеў - Мінск і паведамілі, што мне забаронены ўезд у Беларусь», - распавяла журналіст. Паводле яе слоў, памежнікі адмовіліся патлумачыць прычыну забароны. Аднак сама Каваленка змагла ўбачыць на маніторы, што ініцыятарам забароны з'яўляецца РФ.

«І як мне паведаміў беларускі памежнік, паколькі Расея і Беларусь з'яўляюцца «саюзнымі дзяржавамі», то мне забаронены ўезд як у РФ, так і ў Беларусь», - адзначыла Каваленка.

«Памежнікі вывялі мяне з купэ, апыталі мяне пра мэту майго падарожжа, калі я апошні раз была ў РФ і Беларусі, чамусьці сфатаграфавалі мяне, пры гэтым спаслаўшыся на нейкі загад, які не змаглі паказаць. А потым знялі мяне з цягніка і праз нейкі час пасадзілі на цягнік, які рухаўся ў Кіеў», — распавяла Каваленка.

Паводле яе слоў, ніякіх дакументаў аб забароне ўезду і тэрміне яго дзеяння журналісту не далі, а толькі паставілі адпаведны штамп у пашпарце.

«У Мінску праходзяць перамовы паміж Украінай і РФ па Данбасе, таму дзіўна, чаму Беларусь як краіна нібыта міратворац забараняе ўезд украінскім журналістам. Таму што я ўпэўненая, што ўезд у РФ і ў Беларусь мне забаронены менавіта з-за журналісцкай дзейнасці», - падкрэсліла Каваленка.

Разам з тым першы віцэ-спікер Ірына Герашчанка у каментары пад постам Каваленкі ў Facebook паведаміла, што пасольства Украіны ў Беларусі рыхтуе ноту аб забароне ўезду журналіста.

«Нашы дзеянні рэгламентаваныя дзеючым заканадаўствам - а менавіта артыкулам 30 Закона Рэспублікі Беларусь аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», - растлумачылі tut.by у Дзяржпагранкамітэце Беларусі.

Беларусь і Расія ратыфікавалі пагадненне аб абмене і фактычным аб'яднанні спісаў неўязных у канцы 2015 года. Кожная краіна складае свой спіс самастойна. У нас за ўжыванне чорнага спісу на практыцы адказваюць КДБ, Дзяржпагранкамітэт і МУС. Пагадненне заключылі, каб замежнікі не маглі скарыстацца адкрытай мяжой паміж Беларуссю і Расіяй, каб трапіць у тую з краін, дзе іх палічылі непажаданымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0