Падчас раскопак ацтэкскага храма Тэмпла Маяр у Мехіка археолагі выявілі вежу з 650 чэрапаў, а таксама тысячы іншых фрагментаў чалавечых парэшткаў.

Дыяметр вежы склаў каля шасці метраў. Збудаванне знаходзілася ў куце аднаго з памяшканняў храма, прысвечанага Уіцілапочтлі - ацтэкскаму богу сонца і вайны. Да падмурка вежы раскопкі пакуль не дабраліся.

Як распавялі спецыялісты, сведчанні аб «вялікай вежы з чарапоў, якая ўсяляла страх у іспанскіх заваёўнікаў», захаваліся з часоў Эрнана Картэса — канкістадора, які захапіў Тэначтытлан (цяпер — Мехіка) у 1521 годзе.

Гісторыкі меркавалі, што чарапы належалі захопленым і пакараным воінам — падобныя «курганы» сустракаюцца ў многіх культур дакалумбавай Амерыкі. Аднак археолагі выявілі, што ў вежы чарапоў многія належалі жанчынам і дзецям.

Як мяркуецца, вежа звязана з рытуаламі чалавечых ахвярапрынашэнняў, распаўсюджанымі ў ацтэкаў. У прыватнасці, рэгулярных ахвярапрынашэнняў патрабаваў і Уіцілапочтлі — лічылася, што такім чынам бог сонца папаўняе сілы для бітвы з цемрай.

Тэмпла Маяр - найбуйнейшы храмавы комплекс Тэначтытлана. Ён быў пабудаваны каля 1325 года і амаль цалкам разбураны пасля заваёвы горада іспанцамі ў 1521 годзе.

Храм уяўляў сабой падвойную піраміду і быў прысвечаны двум багам: богу сонца Уіцілапочтлі і богу земляробства Тлалоку. У комплекс таксама ўваходзіла вежа, прысвечаная богу ветру — Эакатлю.

Рэшткі ніжняй часткі храма былі знойдзеныя ў часе работ па пракладцы кабеля ў Мехіка ў 1978 годзе. Першыя раскопкі доўжыліся да 1982 года, цяпер руіны і музей адчыненыя для наведвання. Працы, у часе якіх былі выяўленыя чарапы, пачаліся ў 2015 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?