Заснавальнік «Лабараторыі Касперскага» Яўген Касперскі заявіў, што яго кампанія гатова прадаставіць амерыканскім уладам зыходны код сваіх праграм, каб развеяць падазрэнні ў супрацоўніцтве з расійскімі уладамі.

Акрамя таго, Касперскі ў інтэрв'ю Associated Press у чарговы раз заявіў, што гатовы даць паказанні камісіі амерыканскага Кангрэса і перанесці частку распрацовак сваёй лабараторыі на тэрыторыю ЗША.

«Усё, што я магу зрабіць, каб даказаць, што ў нашых дзеяннях няма злога намеру, я зраблю», — падкрэсліў Касперскі.

«Лабараторыя Касперскага» - адзін з вядучых вытворцаў антывіруснага праграмнага забеспячэння ў свеце, чыя прадукцыя прадстаўлена ў тым ліку на амерыканскім рынку.

У ЗША «Лабараторыю Касперскага» падазраюць у сувязях з расійскімі ўладамі і спецслужбамі. Кампанія існаванне падобных сувязяў катэгарычна адмаўляе.

У маі 2017 года кіраўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Майк Роджэрс заявіў у Сенаце, што спецслужбы вывучаюць выкарыстанне прадуктаў «Лабараторыі Касперскага» амерыканскімі ўрадавымі структурамі. У чэрвені супрацоўнікаў кампаніі апыталі агенты ФБР, а неўзабаве пасля гэтага сенацкі камітэт па ўзброеных сілах прапанаваў забараніць выкарыстанне прадукцыі «Лабараторыі Касперскага» у амерыканскіх абаронных структурах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0