7 ліпеня у менскай кавярні «Вэлакафэ» (парк Перамогі) а 19.00 адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Алісы Бізяевай «Дзяўчына на прыпынку». У імпрэзе возьмуць удзел беларускі гурт «Апатом» і акцёры тэатральнай студыі ТЮТ.

— Аліса, віншую з выданьнем кнігі! Ведаю цябе найперш як журналістку і стваральніцу парталу «Litara.net», які на пачатку 2000-х стаў падзеяй для нашай літаратурнай прасторы. Як адбыўся твой пераход у пісьменьніцтва?

— Я заўсёды была недзе каля літаратуры, так ці інакш працавала з тэкстамі. Але жыла з распаўсюджаным у белліце перакананьнем: калі можаш не пісаць — не пішы. Так і рабіла. Пісала нешта мастацкае, калі тэксты прыходзілі самі. Гэта адбывалася раз на 5 гадоў. Таму, каб пісаць часьцей, паспрыяў зьбег падзеяў. Падчас захопу Крымскага паўвострава мне стала страшна, я ўявіла, што мы можам раптам застацца бяз хлопцаў, так узьнік «Азёрны хлеб» (я напісала гэты тэкст адным махам, алоўкам у нататніку, седзячы на печы), а потым «прыйшло» яшчэ адно вельмі незвычайнае апавяданьне «Дзяўчына на прыпынку». І вось маючы колькі новых тэкстаў, я бачу ў фэйсбуку аб’яву пра літаратурную школу ў Карпатах. Я падумала, што гэта знак, — і паехала. Прачытала там свае тэксты па-беларуску — і аўдыторыя іх вельмі добра ўспрымала. Пасьля курсаў з дапамогай тэхнікаў, якія давалі нам украінскія літаратары Андрэй Куркоў, Галіна Крук, Кацярына Бабкіна і Расьціслаў Семкаў, я напісала яшчэ тры апавяданьні. Яны зьявіліся ўжо цалкам сьвядома, без пэўных містычных акалічнасьцяў.

З таго часу я даведалася, што пісаць мастацкую прозу — гэта самае цяжкае, што можа быць, але не пісаць яшчэ горш. Дакладней так: ты адчуваеш шчасьце, калі тэксты пішуцца, і пакуты — калі не. Таму для мяне пісьменьніцтва — гэта няпросты лёс, які я апошнім часам усьвядоміла, прыняла яго з падзякай і пачала зьдзяйсьняць.

— Калісьці ты прыехала ў Менск на навучаньне, а пасля пакінула Беларусь. І хаця ў цябе, як разумею, няма беларускіх каранёў, беларуская стала мовай тваёй творчасьці. Як так выйшла?

— Я правяла ў Беларусі першыя 4 гады свайго жыцьця, а потым вярнулася сюды вучыцца ва ўнівэрсытэце. То бок, тут прайшоў, бадай, самы важны час майго жыцьця. Калі ехала ў Беларусь, я ня ведала, якая тут сытуацыя з мовай, і адразу настройвалася на тое, што трэба будзе вучыць новую мову. І яна далася мне надзіва хутка. Я нібыта не вучыла, а ўзгадвала яе і, калі пачала пісаць тэксты па-беларуску, адчула, што адбываецца нейкі цуд. Гэта было падобна да таго, як навучыцца граць на новым музычным інструмэнце. У мяне зьявіўся сродак, які дапамагаў мне вымавіць сябе.

— Сустракала ў нашай інтэрнэт-прасторы дакор у твой бок, што пасьля заняцьця Расіяй Крыму ты засталася жыць на паўвысьпе. Даеш рады падобным рэакцыям на свой выбар?

— Я неяк з часам навучылася даваць сабе рады з рознымі рэакцыямі розных людзей. У адказ на такія закіды я звычайна кажу так: «Той, хто застаўся ў Крыме, — здраднік, той, хто зьехаў, уцякач. Незразумела, што лепш?» Насамрэч, пытаньне значна больш складанае, і яно мяне сапраўды непакоіць. Мы зь сям'ёй вельмі доўга падарожнічалі, каб знайсьці «найлепшае месца на зямлі». І мы яго знайшлі. Мы марылі, каб на гэтым месцы ўзьнікла супольнасьць накшталт міжнароднага гораду Аўравіль на поўдні Індыі. Так не бывае, каб рэчы заставаліся аднолькавымі заўсёды. І хоць сонца, мора, горы, крымская прырода засталіся такімі ж прывабнымі, жыць там стала досыць складана — цяпер пракачваем свае здольнасьці да канфармізму, здабываньня грошай і вандроўніцтва ня самымі простымі шляхамі. (Я маю на ўвазе тое, што цяпер выехаць з Крыма куды-небудзь, апроч Масквы, ня так проста.) Але доўга жыць у сітуацыі, зь якой ты ня згодны, ня можна, гэта вельмі напружвае. Так што, відаць, давядзецца будаваць свой Аўравіль у іншым месцы.

— У тваёй кнізе Крым паўстае ў самым апошнім апавяданьні як трохі мітычная зямля, якую ахоўвае яе старажытная культура і якая, нягледзячы на бясконцыя заваяваньні цягам гісторыі, жывая. Сёньняшні Крым чым жыве?

— Крым для ўсіх розны. Некага вабяць гарачыя пляжы і шыльдачкі «Мяса. Віно». Некага — зусім іншыя, патаемныя рэчы. Каб іх адчуць і зразумець, трэба пасядзець у цішы гадзінку і паслухаць. І вось гэтая крымская душа — яна вечная, яна будзе там заўсёды, пакуль у Крыме застаюцца дрэвы і азёры, пакуль застаюцца камяні старажытных пячорных гарадоў.

— У тваіх тэкстах адчула перагуканьне з манерай пісьма Адама Глобуса і дзесьці нават Ігара Бабкова. А хто з сучасных аўтараў для цябе самой блізкі?

— Мяне вельмі цешыць параўнаньне з Ігарам Бабковым. Яго тэксты запомніліся мне яшчэ з унівэрсытэцкіх часоў, а цяпер я з насалодай чытаю «Хвілінку». Мне падабаюцца многія беларускія аўтары, але, адразу абмоўлюся, што я чытала ня ўсіх, так што мая выбарка не хрэстаматыйная. Мне падаецца, што цяпер самыя важныя аўтары — гэта тыя, хто стала піша і выдае кнігі, якія з кожным разам становяцца лепшыя. Таму я назаву Ігара Бабкова, Адама Глобуса, Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча, Аляксея Талстова і Тацяну Заміроўскую як самых каштоўных для мяне аўтараў, кнігі якіх я чакаю. Увогуле, гэта так крута, калі можна напісаць аўтару ліст ці прыйсьці на сустрэчу і атрымаць аўтограф. Я вельмі раю ўсім людзям гэтым карыстацца і чытаць ня толькі класікаў, але сучасьнікаў. Цяпер у беларускай літаратуры дастаткова тэкстаў, але замала чытачоў. А калі пісьменьнік адчувае, што ён некаму патрэбны, ён працягвае пісаць. І гэта вельмі важна, каб зьяўляліся сапраўды таленавітыя тэксты.

Калі казаць пра замежных аўтараў, больш за ўсіх сучасьнікаў мне падабаюцца Джонатан Сафран Фоэр, Салман Рушдзі і Архан Памук.

— Твае апавяданьні часта разгортваюцца вакол тэмы сямейных стасункаў. А што для цябе самой сям’я?

— Для мяне сям’я — гэта ланцужок, дзе кожны разумее іншага бяз словаў, падтрымлівае і страхуе адзін аднаго. І, адчуваючы гэтую падтрымку, кожнаму паасобку і ўсім разам лягчэй рухацца наперад.

— Адзін з тваіх герояў, малады мужчына, кажа жонцы:«Я нічога пра цябе ня ведаю, а ты так і ня здолела за гэты час адчуць мяне. Я застаўся для цябе чалавекам з заўсёднай пляшкай піва ў руцэ«. Чаму ты вырашыла агучыць праз сваіх герояў такі бок сучаснага жыцьця?

— Для мяне калісьці гэта было адкрыцьцём, што можна вось так доўга жыць побач з чалавекам, быць вельмі блізкімі, але ні халеры не разумець, хто ён, які ён. Кожны чалавек — гэта космас, і я ня ведаю, ці ёсьць у нас магчымасьць і права разгадаць таямніцу. Увогуле, ці патрэбна яе разгадваць? Ці можна быць шчасьлівым побач зь іншаплянэтнікам? Гэта пытаньні, якія я задаю сабе цяпер.

— Ты і аўтарка кнігі «Крым для детей». Ці існуюць пісьменніцкія сакрэты, калі пішаш для малых, каб чытво выйшла займальным?

— Дзеці любяць цуды, загадкі і таямніцы. Яшчэ яны любяць парадоксы і каламбуры. Яны любяць, калі знаёмыя рэчы аказваюцца не такімі, як яны звыклі. Але, калі пішаш першую кнігу для дзяцей, пра гэта ня ведаеш. Робіш усё досыць інтуітыўна, уяўляючы сябе на месцы сваіх чытачоў, ператвараючыся ў дзіця. Для мяне было важна прасачыць за тым, як мае дочкі чытаюць кнігу. Я намагалася зьвяртаць увагу на тое, што ім падабаецца больш за ўсё, з чаго яны сьмяюцца, што перачытваюць, што выйшла, а што — не. Дзіўна, але маленькі чытач прамянём сваёй увагі выхоплівае такія рэчы, якія я, як аўтар, не заўважыла.

— У адной з размоваў ты калісьці выказалася, што мы здорава забіваем у сабе сваю жаноцкую сутнасьць. Што значыць для цябе быць сучаснай гарманічнай жанчынай?

— Перадусім — шчыра і з удзячнасьцю прымаць сябе такой, якая ты ёсьць, а потым атрымліваць насалоду ад таго, што, займаючыся сабой, надаючы ўвагу сабе, разьвіваючы сябе, ты становішся яшчэ лепшай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?