Гады ў рады выбраўся ў адну з цэнтральных кнігарняў. «Беларускамоўнае кніжнае гета», насуперак назіраньням некаторых нашых блогераў, месьціцца ў самым цэнтры крамы. Праўда, абымае яно ўсяго тры шафы і два стэнды, калі не лічыць анкляваў на вітрынах і ў аддзеле навучальна-мэтадычнай літаратуры. Да анкляваў я не сьпяшаюся — спыняюся ўнутры ўмоўнай трапецыі, якую ствараюць памянёныя шафы, і разглядаю кнігі. Даўно хацеў узяць які-небудзь зборнік неадаптаваных народных чарадзейных казак, каб нарэшце высьветліць, чым жа слаўны асілак Івашка Мядзьведжае Вушка. Шукаю марна. Ніякага вушка, адно толькі вочкі маладзенькай прадавачкі, што стаіць недалёк і ў гэтым сэктары кніжнага сьвету кантралюе дзеяньні стракатай бібліяфільскай раці. Я ўвесь у чорным, і нагадваю хутчэй сталічнага міліцыянэра асаблівага прызначэньня, чым правінцыйнага аматара беларускіх кніжных паліцаў. Пасьмейваюся ў бок і цешуся надзеяй адшукаць у адным з апошніх выпускаў «Гістарычнага слоўніка беларускае мовы» сакральную лексэму на літару «П». «Калі на ноўгародзкіх берасьцяных граматах яна сустракаецца, дык чаму ж у старабеларускім пісьменстве яе ня можа быць?» — падбадзёрваю сябе крывымі лягічнымі канструкцыямі. Аднак крыніца ўсеагульнага жыцьця і багацьця, унівэрсальны спараджальны пачатак у слоўніку адсутнічае. Лёгкае расчараваньне і цяжкі ўздых. Пяцьдзесятгадовы дзядзька, што ў гэтым сэктары складае мне канкурэнцыю, пытаецца, ці не настаўнік я беларускае літаратуры. Звычкі размаўляць зь незнаёмцамі ня маю і проста матляю адмоўна галавою. «А што ты тады каля беларускіх кніжак завіхаешся? — удакладняе стары. — Бо ўсе іншыя — барахло», — выціскаю я зь сябе адказ, ківаю ў бок багатых стэлажоў з Данцовай і яе сястрыцамі, хапаю чырвоны томік з даўно знаёмымі мне творамі старажытнай беларускай літаратуры і выпраўляюся да касы. Калі хочаш разумеці сілу кніжную, то і дваякроць пачытай славеса.

* * *

Вырашыў завітаць на літаратурны кватэрнік. Бываюць у наш парадаксальны час такія кватэры, дзе літаратары больш жаданыя і чаканыя, чым у якіх-небудзь актавых залях ці бібліятэках. Стаю перад сталёвымі дзьвярамі, што вядуць на падворак, і ўрачыста цісну на кнопачку дамафону. Адзін з гаспадароў адчыняе і з галавы да пят скануе мяне позіркам поўным падозраньня. На мне той самы чорны прыкід спэцназаўца ды яшчэ і тэчка ў руках. «Вы по какому вопросу?» — чуецца пытаньне, на якое мне карціць ляпнуць: «По процедурному», але я стрымліваюся і стаю моўчкі. За мной зьяўляецца культавы паэт сучаснасьці, які без мужчынскай і жаночай рыфмаў адрэкамэндоўвае мяне падозрываму гаспадару. Той вінавата выбачаецца. У доме вялікая плойма людзей, якія спрагнена чакаюць новага беларускага літаратурнага слова. І яны яго атрымліваюць напоўніцу. З рыфмамі і бяз оных, з музыкай і акапэльна. Варта выступам скончыцца, як людзі жвава імкнуцца да сталоў з кнігамі. Каб набыць тое, чаго няма ні побач з Данцовай, ні ў «беларускамоўным кніжным гета». Набываю кніжкі з творамі наймаладзейшых выступоўцаў. Шукаю іх, каб узяць аўтографы. Яны сядзяць на аўтамабільным седзіве, якое хтось з гаспадароў паставіў у вузенькім калідорчыку пры самым выйсьці. Як толькі я паказаў прыдбаныя зборнікі, маладыя пісьменьнікі дружна выгукваюць: «Yes!» і тлумачаць, што я другі чалавек за вечар, які спакусіўся на іх творы. «Мяркую, што я на сёньня не апошні такі», — вырываецца з маіх вуснаў. Усе ўсьцешана хіхікаюць. Калі твае кнігі купляюць, гэта заўжды прыемна.

* * *

Пасьля столькіх гадоў практыкі натрапіць нарэшце на падручнік па постмадэрнізьме выглядае сама мала забаўна. Я ўбачыў яго выпадкова, безмэтна блукаючы ў шасьцёх сьценах «Букініста». Сьмешная цана, сьмешная вокладка, сьмешная адсутнасьць сьвятарнага трымценьня перад зводам правілаў таго, што даўно стала таўром на шчарбатым мечы маёй творчасьці. Не вагаючыся, я бяру падручнік пад паху, як Бураціна браў «Першае чытаньне для дзетак беларусаў», і лянотна брыду ў касу. Маскоўскія турысты разглядаюць календры-постэры і зьдзіўляюцца, што няма ніводнага на беларускай мове, які можна было б набыць як сувэнір. З майго твару не сыходзіць пахмылка. Мае вочы не пакідаюць дзяўчыны, якая стаіць паперад і прабівае на касе «Сто тестов по русскому языку». На ёй бязбожна кароткая спадніца, каб не хаваць боскай прыгажосьці ног. Гляджу і мне чамусьці здаецца, што зборнік тэстаў дзяўчына набывае абсалютна намарна, бо ўсё адно заваліць ЦТ, увосень выйдзе замуж, а праз год будзе люляць дзіцятка. Яна азіраецца, заўважае ў маіх руках падручнік па постмадэрнізьме і міжволі моршчыць носік. Я ўяўляю, што ейным пакоі над ложкам вісіць араматызаваны постэр з Жанам Батыстам Грэнуем, і адводжу вочы, каб постмадэрнізм паміж намі застаўся адно мысьленчым актам.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?