Калі не ведаеш, як са з’явай змагацца, то паспрабуй яе прыватызаваць. Яшчэ тры гады таму, калі ўлады ўпершыню ладзілі Дзень вышыванкі, то расійскае чарнасоценскае агенцтва «Рэгнум» бязлітасна крытыкавала такую ініцыятыву. Маўляў, ва Украіне Майдан таксама пачынаўся з вышываначнага адраджэння.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Цяпер жа рэгнумаўцы змянілі тактыку. Шэф-рэдактар выдання Юрый Баранчык (грамадзянін Беларусі, які з’ехаў у эміграцыю ў Маскву) выступіў з праграмным артыкулам «Вышыванка — сімвал аднаго народа».

Для Баранчыка рэдкасць, што ён хваліць кіраўніцтва Беларусі, тое самае, якое ён неаднаразова спрабаваў абвінавачваць у сыходзе ад Расіі, пераарыентацыі на Захад. Шэф-рэдактар «Рэгнума» ўхваляе рашэнне беларускіх уладаў святкаваць Дзень Незалежнасці менавіта 3 ліпеня. «Гэта паказвае з якога моманту вядзе свае вытокі ідэалогія беларускай дзяржавы. Яна змагла атрымаць права на жыццё толькі ў вялікай сям’і савецкіх народаў».

Цікава, што раней той жа Баранчык і яшчэ адзін уцякач з Беларусь Кірыл Авяр’янаў-Мінскі крытыкавалі савецкі падыход адносна дзяржаўнасці Беларусі і Украіны.

«Ёсць сімвалы, якія з глыбіні вякоў паказваюць, што рускія, украінцы і беларусы — адзін народ. Адным з такіх сімвалаў з’яўлецца вышыванка. Ва Украіне неабандэраўцы спрабавалі скрасці гэты сімвал, але ініцыятыва правалілася. Аналагічныя спробы здзяйсняюць агрэсіўныя нацыяналісты ў Беларусі», — піша Баранчык.

На ягоную думку, калі параўнаць беларускія, рускія і ўкраінскія вышыванкі, то паміж імі няма ніякай розніцы. Тыя вышымайкі, у якіх на гульню выйшлі футбалісты мінскага «Дынама», Юрый Баранчык назваў «рускімі вышыванкамі».

«Вышыванка, як нішто іншае, дэманструе наш агульны рускі корань», — падсумоўвае аўтар.

Асабліва варта адзначыць, што Беларусь Баранчык называе на зневажальны манер «рэспублікай». Не «краінай», «дзяржавай», а менавіта «рэспублікай». Гэта як Татарстан ці Саха ў складзе Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?