Канешне, Дзень Незалежнасьці трэба было з 27 ліпеня — пераносіць. Але — не на дзень вызваленьня Менску.

27 ліпеня 1990 камуністы, адкінуўшы большасьць прапаноў дэпутатаў БНФ, прынялі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце (у рамках СССР) і абвясьцілі гэты дзень Днём Незалежнасьці, а потым ні пра якую Незалежнасьць і чуць не жадалі.

Але надышоў жнівень 1991-га, калі праваліўся праімпэрскі камуністычны путч, калі дзясяткі тысяч выйшлі на плошчу, і пад ціскам дэпутатаў Апазыцыі БНФ Дэклярацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону, што азначала: Беларусь набыла Незалежнасьць дэ-юрэ.

27 ліпеня 1990 — важная дата. Але — не галоўная.

Дэкларацыя — крок да Незалежнасьці. Але — не абвяшчэньне Незалежнасьці.

Гэтае абвяшчэньне ў найноўшай гісторыі Беларусі адбылося 25 жніўня 1991 г.

І менавіта 25 жніўня 1991 — найважнейшая дата ў гісторыі Беларусі, побач зь якой можна паставіць толькі 25 сакавіка 1918.

Пра гэта сказана шмат.

Тым ня менш кожны год некаторымі высоўваецца дата «27 ліпеня» — як галоўная. (Я ўжо не кажу пра беспардонную фальсыфікацыю кшталту «сувэрэнітэт зрабілі камуністы».) Чаму?

Прычына — тая ж, чаму Лукашэнка, узгадваючы і Полацкае княства, і ужо нарэшце БНР — не ўзгадаў жнівень 1991-га, без якога не было б незалежнай Беларусі.

Бо жнівень 1991 — гэта дэпутаты Апазыцыі БНФ і Зянон Пазьняк.

А іх — ня любяць. КГБ — па-свойму, улады — па-свойму, іншыя — па-свойму.

Але калі-небудзь у дэмакратычнай Беларусі ўсё стане на месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?