Беларусь прапанавала літоўскаму боку сумесна будаваць БелАЭС. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ, перадае БЕЛТА.

«Літоўская Рэспубліка часта падымае гэтае пытанне. Я гэта нармальна ўспрымаю. І нядаўна прапанаваў літоўцам: ну колькі мы будзем сварыцца з-за гэтай станцыі, давайце яе разам пабудуем і будзем эксплуатаваць як беларуска-літоўскую станцыю. Каб яна забяспечвала электраэнергіяй і Беларусь, і Літву. Калі трэба — Латвію, Эстонію, Польшчу і іншыя дзяржавы. Гэта ж самы танны від электрычнай энергіі», — заявіў ён.

«Мы будуем самую бяспечную станцыю. Такіх блокаў будуецца па ўсім свеце мноства. Ведаю, ёсць дамоўленасць аб працягу будаўніцтва ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Балгарыі. Егіпет запатрабаваў будаўніцтва такой станцыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы лічым, што гэтае пытанне палітызаванае. Давайце сядзем разам, разбяромся як мае быць у гэтым пытанні і здымем яго, не будзем смяшыць увесь свет. Нам, Літве і Беларусі, патрэбная гэтая станцыя», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама нагадаў, што ў Літве доўга функцыянавала Ігналінская АЭС, працэс вываду якой з эксплуатацыі працягваецца. «Але мы ж ніколі не паднялі пытанне аб тым, што яна небяспечная. Хоць мы ад гэтай старой станцыі атрымлівалі шмат негатыўных працэсаў. Ваду для астуджэння гэтая станцыя атрымлівала з Беларусі. І скід адпрацаванай вады ішоў таксама ў Беларусь. Мы разумелі: трэба час для таго, каб вырашыць гэтае пытанне. Разумеем і цяпер», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0