Дэпутат Дзярждумы ад КПРФ Мікалай Харытонаў прапанаваў разарваць дыпламатычныя сувязі з Польшчай і адклікаць з краіны расійскага пасла з-за прыняцця Варшавай закона аб зносе савецкіх помнікаў, паведамляе ria.ru.

«Мы павінны да канца дня прыняць зварот у дачыненні да таго закона, які прыняў польскі Сейм. У нашым звароце павінна быць прадугледжана сёння ж да вечара разарваць дыпламатычныя сувязі, адклікаць свайго пасла, польскага прагнаць, усякі гандаль у Польшчы закрыць», — заявіў Харытонаў на пасяджэнні Дзярждумы.

Ён падкрэсліў, што ў Польшчы загінула 600 тысяч салдат Чырвонай арміі.

Раней намеснік старшыні фракцыі «Справядлівая Расія» Алег Нілаў прапанаваў Польшчы эксгумаваць астанкі савецкіх салдат, пахаваных у час Вялікай Айчыннай вайны, і вярнуць іх назад у Расію.

Нагадаем, у чэрвені польскі парламент прыняў закон, які прадугледжвае знос каля 500 помнікаў, якія праслаўляюць камунізм. Паводле падлікаў Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, які адказвае за мэмарыяльную працу, закон аб дэкамунізацыі закране каля 230 помнікаў Чырвонай арміі.

Расійскі МЗС заявіў, што ў Польшчы не хочуць пакідаць мемарыялы, якія ўшаноўваюць памяць аб непажаданых цяперашнім уладам краіны арганізацыях, падзеях і датах. У ведамстве падкрэслілі, што аўтары «вайны» з помнікамі правакуюць далейшае абвастрэнне ў расійска-польскіх адносінах.

У Дзярждуме крок польскіх уладаў назвалі здзекам з памяці савецкіх людзей, якія абаранялі гэтую краіну ад фашыстаў, а Грамадская палата звярнулася ў ААН з патрабаваннем даць публічную ацэнку польскаму закону.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?