У Брэсце затрымалі 22-гадовага хлопца. Ён трапіўся за распаўсюд наркотыкаў, але падчас следства ўсплылі новыя падрабязнасці яго дзейнасці.

Фігуранта затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК па Брэсцкай вобласці за збыт асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва — 4 СЕС, вагой 7 грам.

Падследны сваё стаўленне да абвінавачання выказаць адмовіўся, як і ад дачы паказанняў. Вядома, што хлопец мае базавую адукацыю, раней працаваў ахоўнікам у начным клубе і прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства.

Падчас следства высветлілася, што юнак яшчэ і намагаўся стрэсці грошы з двух хлопцаў і іх 16-гадовай сяброўкі.

Ад хлопцаў, з якімі жыў у адным двары, падазраваны патрабаваў 4 тысячы даляраў.

Хлопцы пазнаёміліся ў сацсетцы з 16-гадовай дзяўчынай. Даведаўшыся, што сям'я дзевяцікласніцы з'яўляецца забяспечанай, хлопцы пачалі прасіць у яе грошай пад падставай вяртання доўгу 22-гадоваму хлопцу.

Дзяўчына пагадзілася выручыць сваіх новых сяброў.

Тады «крэдытор» стаў пагражаць дзяўчыне прычыненнем цялесных пашкоджанняў ёй і яе блізкім, калі тая не аддасць яму 4 000 даляраў ЗША, якія нібыта павінны яе сябры. Каб запалохаць школьніцу, падазраваны збіў аднаго з хлопцаў у яе на вачах. У другога юнака мужчына забраў «айфон». Школьніца стала баяцца яго і цягам ліпеня 2016 года — студзеня 2017 года перадала абвінавачванаму асабіста і праз сваіх знаёмых больш за 1 200 даляраў ЗША бацькоўскіх зберажэнняў, узятых таемна ад іх, паведамляе Следчы камітэт.

Невядома, чым бы гэтая гісторыя скончылася, але хлопец трапіўся за распаўсюд наркотыкаў.

Сёння ён знаходзіцца пад вартай.

Яго вінавацяць у вымагальніцтве з ужываннем гвалту і збыце асабліва небяспечных псіхатропаў.

Матэрыялы справы перадалі ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?