Камітэт Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, пасяджэнне якога праходзіць у Кракаве, заклікаў польскія ўлады неадкладна спыніць высечку дрэў у самай старой частцы Белавежскай пушчы і прыняць місію экспертаў, паведамляе Радыё Польшча.

Пасля ўнясення паправак, якія раней у сераду прапанаваў Казахстан, камітэт пагадзіўся падоўжыць тэрмін прадстаўлення справаздачы аб стане пушчы да снежня 2018 года. Пры гэтым у рапарце застаўся запіс аб магчымым унясенні Белавежскай пушчы ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Нагадаем, у Белавежскай пушчы працягваюцца пратэсты эколагаў супраць высечкі дрэў. Актывісты прыкоўваюць сябе да цяжкай тэхнікі, перашкаджаючы яе перамяшчэнню. Некалькі разоў паліцыя ўмешвалася ў пратэст і адцясняла пратэстоўцаў. Раней польскія ўлады прынялі рашэнне аб санітарнай высечцы часткі Белавежскай пушчы, якая не ўваходзіць у запаведнік. Паведамлялася, што прычынай такога рашэння стала беспаспяховая барацьба леснікоў з жуком-караедам, што знішчае дрэвы.

Еўракамісія летась завяла справу супраць Польшчы ў сувязі з высечкай дрэў у Белавежскай пушчы. У сваю чаргу, польскі міністр навакольнага асяроддзя Ян Шышко некаторы час таму казаў у Сейме, што Белавежская пушча была незаконна ўнесеная ў спіс прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?