Намеснік генеральнага дырэктара па фінансавай і эканамічнай палітыцы ААТ «БелАЗ» быў затрыманы з доказамі злачынства падчас атрымання хабару 4 ліпеня ў Мінску. Суму ў памеры $1200 яму перадаў прадстаўнік сталічнай камерцыйнай структуры. Грошы — узнагароджанне за спрыяльнае вырашэнне пытання аб першачарговай аплаце пастаўленай на завод партыі металу. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС і Следчага камітэта спынілі крымінальную схему.

На наступны дзень у ходзе далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі затрыманыя начальнік бюро і эканаміст ААТ «БелАЗ», якія з 8 чэрвеня па 4 ліпеня гэтага года таксама атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў згаданай фірмы ў якасці «падзякі» за станоўчае вырашэнне пытання аб падпісанні дамоваў на пастаўку металу.

Праваахоўнікі высветлілі, што незаконная схема дзейнічала з восені мінулага года — з моманту ўтварэння камерцыйнай структуры. Метал для патрэб БелАЗа закупляўся па цэнах, якія перавышаюць рынкавы кошт. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сістэматычна атрымлівалі хабар. Іх памер складаў пэўны адсотак ад сумы здзелкі.

Зараз следствам затрыманыя шасцёра ўдзельнікаў злачыннай групы: тры службовыя асобы ААТ «БелАЗ», а таксама трое прадстаўнікоў камерцыйнай структуры.

Заведзеныя крымінальныя справы па арт.430 КК (атрыманне хабару), якая прадугледжвае максімальнае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, і арт.431 КК (дача хабару) — максімальнае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Накладзены арышт на маёмасць, якая належыць фігурантам: шэсць аўтамабіляў прэміум-класа, грашовыя сродкі і каштоўнасці, сем аб'ектаў нерухомасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0