Спрэчкі і прысуд па справе аб гібелі на бульбе 13-гадовай Вікі Папчэні пройдуць у судзе Маладзечанскага раёна без удзелу бацькоў Вікторыі. Юлія і Алег Папчэня ў нядзелю, 9 ліпеня, з'язджаюць з Беларусі і плануюць вярнуцца не раней за 21 ліпеня, піша kraj.by.

Юлія Папчэня 7 ліпеня распавяла Край.бай:

— Мы цяжка пераносім гэты судовы працэс, які доўжыцца ўжо вельмі доўга. Нам трэба з'ехаць, змяніць становішча. Ды і пасля вынясення прысуду зноў пачнуцца званкі розных людзей, у тым ліку журналістаў. Ад такой увагі мы стаміліся і не жадаем ніякіх кантактаў. У суд напісалі заяву, у якой хадайнічаем скончыць судовы працэс без нас. Скажу таксама: мы не хочам, каб абвінавачаных настаўнікаў пазбаўлялі свабоды і магчымасці выкладаць.

Так, яны вінаватыя, але ёсць людзі, чыя віна больш значныя. Не буду называць прозвішчы. Гэтыя людзі чамусьці не знаходзяцца на лаве падсудных.

***

Судовы працэс па абвінавачванні настаўнікаў Ірыны Апанасевіч і Вольгі Завадскай у неналежным выкананні абавязкаў па гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей, што пацягнула па неасцярожнасці смерць васьмікласніцы Вікі Папчэні, прадоўжыўся 7 ліпеня.

У першай частцы пасяджэння суддзя Павел Жачко даследаваў сем тамоў пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы.

Пасля гэтага адвакаты абвінавачаных перадалі суду хадайніцтва ад працоўнага калектыву СШ №11 і бацькоўскага камітэта аб змякчэнні пакарання настаўніцы фізікі Ірыне Апанасевіч і настаўніцы французскай мовы Вользе Завадскай. Настаўнікі і бацькі просяць суд не пазбаўляць волі Ірыну і Вольгу, а таксама дазволіць ім працаваць на сваіх месцах. Са згоды ўсіх удзельнікаў працэсу хадайніцтвы былі далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0