«Чыгунка» (кавэр)
Твар правадніцы — цаглінаю.
Рэйкі, платформы і шпалы.
З радыё кавэр з Калінаю
льецца на словы Купалы.
Словамі сыплем дарослымі,
лечым дзіцячыя траўмы:
дзеўкі бязь вёслаў і зь вёсламі,
плот, палігон і шлагбаумы.
Згадкамі п’янымі, рэзкімі
раны душэўныя гоім,
з жартамі, часам габрэйскімі,
хоць ня ўсё ясна нам, гоям.
Добра гаворыцца ўночы нам
без капюшонаў і кедаў.
«Вып’ем за хлопчыка зь лётчыкам,
кажуць, Гагарын іх ведаў!».
Хлопчыкі зь ніжнімі месцамі
тостамі крояць размовы:
«За чалавека на месяцы!» —
выпілі. Космас, ты клёвы!
Цемра з кашмарамі-марамі
дыхае ў ноч перагарам.
Шэпчуцца каты з ахвярамі
ў сумнай даліне над ярам.
Песьня на штось намякае нам,
суха заходзіць і чэрства…
Вып’ем за Авэля з Каінам
горкай атруты братэрства.
0
0
0
0
0
0