Зьвяртаюся да маладых беларускіх гайсакоў — тых самых, якія штолета вандруюць па краіне і ў якіх у заплечнікі ўтыркнутыя бел‑чырвона‑белыя сьцяжкі. Cябры, вы мусіце прайсьці гэтым маршрутам! Піша Вінцэсь Мудроў.

Ня ведаю як хто, а я ўсьвядоміў сябе жывой істотай у два гады. Мы жылі ў ваенным гарадку непадалёку ад мястэчка Ідрыца, што на Пскоўшчыне, і я запомніў з той пары як жаўнеры скакалі ў раку з высокай вышкі ды як мы з маці хадзілі зьбіраць суніцы. Суніцы расьлі ўздоўж утравелага насыпу, што ішоў поруч з гарадком. А яшчэ запомніліся матчыны словы: «Тут калісьці была чыгунка з Полацку, дзе ты нарадзіўся».

Так у маю памяць упляліся дзьве рэчы: назва роднага гораду й зьніклая чыгунка. Яна бегла ад суседняга ляска і абрывалася ля рэчкі — непадалёк ад таго месца, дзе жаўнеры скакалі ў ваду.

Пазьней, ужо шкаляром, я пацікавіўся ў бацькі: што гэта за чыгунка ішла праз Ідрыцу? Бацька паморшчыўся, незадаволена хітнуў галавой, але ўрэшце адарваўся ад газэты.

«Дарога Полацак — Пскоў. У вайну партызаны так яе пашкамуталі, што потым не аднавілі». Бацька прыпаліў папяросу, зь летуценным сьвістам выпусьціў дым і, перагарнуўшы «Правду», дадаў: «Цяпер траса закансэрваваная». Я дастаў з паліцы даведнік і прачытаў пра кансэрвацыю, то бок, пра сукупнаць мераў па забесьпячэньні чыгуначнага насыпу ад разбурэньня. Потым паставіў даведнік на месца і на колькі гадоў забыўся на тую чыгунку. А ў дзевятай клясе ў мяне, прыроджанага гуманітарыя, нарадзілася дзіўная жарсьць да фізыкі. Я пазычыў у сябра, Толіка Рыбікава, том «Агульнага курсу фізыкі» пад рэдакцыяй Рыгора Ландсберга. На адной са старонак «курсу» месьцілася старая мапа паўночна‑заходняй часткі Саюзу, і на ёй ад Полацку ішло не чатыры, як звычайна, а пяць чыгуначных лініяў. «Лішняя» чыгунка бегла на поўнач, перасякала дарогу Рыга — Масква, мінала Апочку з Пушкінскімі Гарамі і заканчвалася ў Пскове. Я закінуў рукі за патыліцу і, як патрыёт роднага места, пашкадаваў, што ў полацкім чыгуначным вузьле зьнік пяты напрамак. А яшчэ ў галаве нарадзілася рамантычная ідэя: прайсьці па разбуранай чыгунцы «ад кальца да кальца». Цікава ж было паглядзець — у якім стане цяпер земляны насып і ці засталося што ад станцыйных пабудоваў.

Наступным днём вярнуў сябру пазычаную кнігу й падзяліўся зь ім сваімі плянамі. Сябрук у адказ паабяцаў дастаць даваенную мапу‑пяцівёрстку, на якой тая чыгунка была намаляваная. Я разглядаў пяцівёрстку, машынальна поркаючыся ў стальніцы: шукаў кальку, каб перамаляваць раён на поўнач ад Полацку. На мапе былі пазначаныя ня толькі станцыі, але й разьезды. Самы блізкі да Полацку быў 20‑ы разьезд, наступнай была плятформа Сухі Бор, далей станцыі Талмачэўская, Расоны, Сілкова, Нішча, плятформа Галузіна і, нарэшце, Ідрыца. Цікавай выглядала й разьвязка ля Полацку. У раёне 20‑га разьезду чыгунка раздвойвалася: адна лінія ішла на поўдзень, непасрэдна да станцыі, а другая паварочвала на ўсход і, абмінаючы горад, злучалася з чыгункай Полацак — Невель у двух кілямэтрах ад прыгараднай станцыі Грамы. Як потым высьветлілася, пасажырскія цягнікі ішлі ў Полацак менавіта праз «грамаўскую» лінію.

Перамаляваўшы мапу, я прапанаваў сябру выправіцца бліжэйшай нядзеляй у дарогу. На календары быў канец лістападу і Анатоль выслухаў прапанову без энтузіязму: «Прычакаем лета, тады можна і прайсьціся». Чакаць лета мне не выпадала, таму нядзельным ранкам я заехаў аўтобусам у Лазоўку, полацкае прадмесьце, дзе, паводле мапы, ішла чыгунка, і неўзабаве знайшоў пясчаную дарогу з вывернутымі зь зямлі чорнымі шпаламі. Як ні дзіўна, яны не былі кранутыя гнілізнай. Я прайшоў пару кілямэтраў і нечакана, напярэймы, з‑за кустоў, выйшаў вайсковец у чорным камбінэзоне. «Куды бяжым? — спытаў вайсковец, адкінуўшы цыгарэту, і, не чакаючы майго адказу, загадна выдыхнуў: — Давай адсюль… тут вайсковы палігон, зараз танкі пойдуць».

На гэтым закончылася мая першая вандроўка. Усю зіму й вясну я выношваў пляны паходу ў Пскоў, распытваў людзей пра чыгунку, але адзінае, што чуў, гэта байкі пра партызанскія дывэрсіі. Але вось прамінула зіма, за ёю вясна, прысьпела лета, і 1 жніўня 1971‑га, а сёмай раніцы, мы з Толікам Рыбікавым выправіліся ў дарогу. На першым этапе вырашылі дайсьці да Расонаў.

Па танкавым палігоне ішлі няўпэўнена, азіраючыся па баках: за кожным кустом мне мроіўся вайсковец у камбінэзоне. Усё наўкол было пераарана тракамі, пазалівана нейкай каланіцай, і сям‑там ляжалі чорныя, падобныя на дзіцячыя труны, шпалы.

Па палігоне прабеглі на паўсагнутых і ўзьбіліся на гразкую праселіцу. Прайшлі пару кілямэтраў, змоклі да каленяў і падумалі ўжо, што ідзем ня той дарогай, ды тут нам стрэўся жалезабэтонны мост праз плыткую ручаіну, і мы паскорылі крок.

Балаціна тым часам скончылася, наежджаная праселіца завярнула ўбок і мокрыя кеды зачмякалі па насыпу, які усё вышэй і вышэй уздымаўся над навакольлем. Неўзабаве насып стаў нагадваць земляны вал, які абарваўся перад невялікай рачулкай. Я зірнуў на кальку з перамаляванай мапай. Гэта была рэчка Дахнарка.

За рэчкай чыгунка ішла меднаствольным борам. Роўная як струна прасека гублялася на даляглядзе, і цяпер пад нагамі суха парыпвалі падгнілыя шпалы. Мы падкапалі адну зь іх і пераканаліся, што шпалы збуцьвелі толькі зьверху, а пад зямлёй дрэва добра захавалася. Уздоўж насыпу ляжалі іржавыя кастылі, якімі мацуюць рэйкі да шпалаў. Я прыхапіў, на памяць аб вандроўцы, пару шпянёў у кішэнь.

Ішлі борам дзьве гадзіны, перасяклі шашу Расоны — Полацак, зайшлі ў вёску Маставуха. Насып падзяліўся на некалькі каляінаў. Мяркуючы па мапе, тут была станцыя Талмачэўская. Далей пайшлі больш разнастайныя мясьціны: балаціны, палі, пералескі. Сям‑там па насыпу была працярэбленая дарога.

Мы ўжо ладна стаміліся, калі на нашым шляху паўстала галоўная водная перашкода: нешырокая, але імклівая рака Дрыса. Паглядзеўшы на палі былога мосту, разам уздыхнулі. Праблема была ня ў тым, што супрацьлеглы бераг зарос гіганцкай крапівой ды падобным на мэзазойскую расьліну баршчэўнікам, а ў тым, што сябрук ня ўмеў плаваць. Ён зусім не трымаўся на вадзе.

Непадалёку, на полі, ляжала некалькі бярвеньняў. Падцягнулі іх да вады, зьвязалі павоем хмелю.

«Трымайся за плыт і бі нагамі», — загадаў я, піхнуўшы ў кайстру апранахі.

Не пасьпелі мы адплысьці ад берага, як нас панесла па перакаце і сябрук з такім натхненьнем пачаў лупіць нагамі, што плыт разьвязаўся, кайстра з адзеньнем кульнулася ў ваду і зь дзіўнай для яе хуткасьцю паплыла па Дрысе. Я кінуўся наўздагон, схапіў кайстру і пакуль заграбаў супраць плыні, мне ў лабешнік стукнула бервяно, а перапужаны сябрук тузануў мяне за чупрыну. Добрую хвіліну чабохталіся ў вадзе аж пакуль не схапіліся за камлі прыбярэжнай крапівы. Вылезьлі на бераг дарэшты апечаныя, і цела пасьля крапіўнай «лазьні» цэлы тыдзень смылела й сьвярбіла.

Да Расонаў дабрылі на зьмярканьні. Былая станцыя месьцілася ў баку ад пасёлку, і тут, як мы маглі пераканацца, захаваліся цагляныя пакгаўзы ды іншыя пабудовы. Мімаходзь заўважу, што ў 60‑я мясьціна гэтая атрымала афіцыйны назоў Зялёная Рошча, аднак мясцовыя жыхары й дасюль называюць яе Станцыяй.

На шчасьце, пасьпелі на апошні аўтобус, які ішоў у Полацак, і хаця былі дарэшты стомленыя, далі адно другому слова, што наступным годам дойдзем да Ідрыцы.

Наступным годам, аднак, лёс вызначыў новыя маршруты, і ў падарожжа па разбуранай чыгунцы мы так і ня выправіліся. Я, аднак, працягваў цікавіцца гісторыяй яе пабудовы, сустракаўся зь людзьмі, якія па чыгунцы езьдзілі й якія на ёй працавалі. І вось што ўдалося высьветліць.

Лінію Полацак — Пскоў даўжынёю 290 кілямэтраў пабудавалі за рэкордна кароткі тэрмін: у другой палове 1915‑га пачалі земляныя працы, а пры канцы наступнага году па рэйках пайшлі першыя цягнікі. Па сутнасьці, гэта была апошняя транспартная артэрыя, пабудаваная ў Расейская імпэрыі. Масты, плятформы і станцыйныя будынкі рабілі з дрэва, і толькі пераправы праз ручаіны й невялікія рачулкі — з каменю й бэтону.

Дарогу праклалі ўздоўж лініі фронту, што дазваляла эфэктыўна й хутка манеўраваць вайскамі. Адцемім, што ў Полацку тады месьціліся вялізныя вайсковыя склады са зброяй, боезапасам ды інтэндацкім рыштункам. Апрача таго тут знаходзіўся адзін з самых вялікіх прыфрантавых шпіталёў.

За савецкім часам чыгунка Полацак — Пскоў актыўна эксплюатавалася, па ёй хадзілі, апроч таварных, пасажырскія цягнікі Ленінград — Апочка й Ленінград — Марыупаль, а таксама хуткі цягнік Ленінград — Адэса. Два апошніх ішлі праз Полацак. Хуткі цягнік рабіў на адцінку ад Полацку да Пскова дзесяць прыпынкаў і быў у дарозе 8 гадзінаў 52 хвіліны.

У першыя ж дні Другой усясьветнай вайны рух на чыгунцы спыніўся, бо немцы разбамбілі 20‑ы разьезд. Тым часам ад Ідрыцы адзін за адным ішлі цягнікі, і ўтварыўся страшэнны затор. Пра гэта мне распавялі сьведкі падзеяў.

З кім толькі не даводзілася размаўляць пра лёс чыгункі за часамі вайны, усе гамузам цьвердзілі, што яна не працавала з‑за партызанскіх дывэрсіяў. Аднак насамрэч немцы папросту зьнялі амаль на ўсім працягу рэйкі, выкарыстоўваючы іх дзеля «латаньня» пашкоджаных лініяў стратэгічнага кірунку, а частку рэек увогуле зьвезьлі ў Нямеччыну на пераплаўку.

Аднак у 1943 годзе немцы на паўночным адцінку савецка‑нямецкага фронту перайшлі да абароны і з гэтаю мэтай была ўладкаваная моцная фартыфікацыйная лініі «Пантэра». Прайшла яна акурат па насыпу дэмантаванай чыгункі. Каб падвезьці бэтон ды іншыя матэрыялы давялося здымаць рэйкі зь іншых дарог і аднаўляць лінію. Калі мы йшлі зь сябрам па трасе, непадалёку ад насыпу бачылі вывернуты зь зямлі бэтонны каўпак з амбразурамі. Гэта, відавочна, быў агнявы пункт той самай абарончай лініі.

Савецкія войскі пасьля зацятых баёў прарвалі абарону, у выніку дарога шмат у якіх месцах была дарэшты спляжаная. На перагоне Полацак — Ідрыца было больш спакойна і, паводле відавочцаў, па ёй улетку 1944 году хадзілі нямецкія цягнікі. Адзін зь відавочцаў распавядаў, што на ўласныя вочы бачыў на станцыі Расоны эшалёны з цыстэрнамі. У ліпені 1944‑га іх бамбіла савецкая авіяцыя і дым ад пажараў засьціў сонца.

Прагнаўшы немцаў і пабачыўшы — у якім стане знаходзіцца чыгучнае палатно, ужо саветы сталі разьбіраць рэйкі ды «латаць» разьбітыя прыфрантавыя дарогі. Адразу па вайне на мапах чыгуначных магістраляў лінія Полацак — Пскоў яшчэ пазначалася. Яе зьбіраліся аднавіць, але так і не сабраліся.

Я даўно хацеў напісаць пра забытую чыгунку, ды ўсьведамленьне, што чытач успрыме маё рамантычнае захапленьне як дзівацтва, стрымлівала такую жарсьць. І вось аднойчы сядзеў ля тэлевізара, гартаў каналы, а ўзьбіўшыся на нейкую расейскую праграму хацеў было салодка пазяхнуць, ды так і застыў з разяўленым ротам. Па тэлебачары распавядалі пра гісторыка‑культурніцкую экспэдыцыю «Зьніклая чыгунка», арганізаваную ў Пскоўскай вобласьці. Інтэрнацыянальная расейка‑ўкраінская экспэдыцыя прайшла па трасе дэмантаванай чыгункі Полацак‑Пскоў на адцінку ад Пскова да Ідрыцы, дасьледваўшы стан землянога насыпу, рэшткі станцыйных збудаваньняў і падыходы да рэкаў, на якіх стаялі масты. Агледзелі таксама падводныя часткі маставых апораў — гэтым займаліся дасьведчаныя аквалянгісты. Былі зробленыя тысячы здымкаў і зьняты гісторыка‑пазнавальны фільм.

Паводле вядомага расейскага вандроўніка і журналіста ИТАР‑ТАСС Яўгена Арлова, які ачольваў экспэдыцыю, яе ўдзельнікі хацелі тым самым зьвярнуць увагу расейскага ўраду на неабходнасьць хутчэйшага аднаўленьня чыгуначнай лініі, што паспрыяе эканамічнаму й турыстычнаму развою рэгіёна. Па словах журналіста, масквічы вымушаныя сёньня дабірацца да Пушкінскага запаведніку з двума перасадкамі. З аднаўленьнем чыгункі адкрыецца наўпростая дарога.

Вось так, праз 37 гадоў пасьля нашай з Толікам Рыбікавым вандроўкі, група энтузіястаў прайшла па збуцьвелых шпалах ад Пскова да Ідрыцы. Энтузіязм пры гэтым быў падмацаваны спонсарамі: расейскім Фондам кругасьветных вандраваньняў, Фэдэрацыяй падводнага рыбарства Расеі ды Інстытутам геаграфіі РАН. 185 кілямэтраў трасы дасьледавана і апісана. Недасьледаванымі застаюцца яшчэ 105 км — ад Полацку да Ідрыцы. Зь іх 60 км прыпадае на тэрыторыю Беларусі і 45 — на Себежчыну.

Апэляваць да нашых дзяржаўных структураў у пляне арганізацыі гісторыка‑культурніцкай экспэдыцыі не даводзіцца. Таму я зьвяртаюся да маладых беларускіх гайсакоў — тых самых, якія штолета вандруюць па краіне, і ў якіх у заплечнікі ўтыркнутыя бел‑чырвона‑белыя сьцяжкі. Сябры, вы мусіце прайсьці згаданым маршрутам!

Тым, хто адгукнецца на мой заклік, паведамлю — дзе ён мусіць пачынацца. Трэба заехаць у Полацак, прайсьці чыгункай 3 км у напрамку Невелю і леваваруч, ля вёскі Чаромушкі, убачыце зьдзірванелы насып, уздоўж якога растуць высозныя елкі. Гэта і ёсьць пачатак чыгункі Полацак — Пскоў: апошняй транспартнай лініі, збудаванай у Расейскай імпэрыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?