Фота golloscdn.com

Фота golloscdn.com

Вірусную бірульку прыдумала кітайская дызайнерка аксесуараў Эла Лью. Па задуме мяккі трусік мусіў упрыгожваць жаночую сумку, аўтамабіль ці звязку ключоў. За арыгінальную цацку з каштоўнага капенгагенскага футра трэба было выкласці некалькі соцень даляраў. Грошы немалыя, таму на звышпапулярнасць трусы не прэтэндавалі, пакуль кітайскія вытворцы не вырабілі адносна танны аналаг.

Так выглядае арыгінальны аксесуар ад Элы Лью. Фота amazon.ca

Так выглядае арыгінальны аксесуар ад Элы Лью. Фота amazon.ca

Сапраўднае шаленства пачалося, калі пухнаты аксесуар трапіў на «Аліэкспрэс», дзе гэтую мілату можна замовіць за шэсць рублёў. У беларускіх анлайн-крамах цяпер ёсць і па чатыры рублі, а вось у звычайных прадаюць разы ў тры-чатыры даражэй.

Цяпер бірульку пазіцыянуюць як цацку-антыстрэс. Гэтак жа, як і спінеры, бум на якія прыйшоўся фактычна ў той жа час. Калі на спінеры трэба глядзець, каб супакоіцца, то трусаў трэба мацаць. Канечне, супакаяльны эфект ад гэтага сумнеўны.

Усе трусы выглядаюць прыкладна аднолькава, галоўнае адрозненне ў матэрыяле, з якога іх робяць. Большасць бірулек вырабленыя з натуральнага футра, іншыя — са штучнага. Зоаабаронцы заклікаюць звяртаць на гэта ўвагу і не набываць цацкі, на якія пайшлі жывыя трусы — футра гэтых жывёл выкарыстоўваюць для вырабу бірулек найчасцей.

Фота trends-in-china.ru

Фота trends-in-china.ru

Яшчэ год таму з гэтай нагоды пачала біць трывогу сінгапурская зоаабарончая арганізацыя SPCA Singapore. Зоаабаронцы жахнуліся, калі прыкінулі маштабы вытворчасці «мілых» цацак. Кіраўнік арганізацыі Джайпал Сінгх заклікаў перастаць набываць бірулькі, бо жывёлы, футра якіх ідзе на выраб цацак, часцяком утрымліваюцца ў жудасных умовах і паміраюць у пакутах.

Зразумець, з натуральнага ці штучнага футра выраблены аксесуар, можна, калі прыгледзецца да валасінак. У натуральнага ёсць воўна і падшэрстак, гэтае футра будзе неаднароднага колеру. Можна таксама выцягнуць некалькі валасінак і падпаліць. Калі яны будуць плавіцца — футра штучнае, калі гарэць — натуральнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?