Піша Віталь Тарас.

За некалькі дзён да завяршэньня пэкінскай Алімпіяды духоўны лідэр Тыбэту Далай-Лама паведаміў у Парыжы, што, паводле ягонай інфармацыі, кітайскія ўрадавыя войскі толькі за апошні час застрэлілі 150 тыбэцкіх дэманстрантаў. На гэтую інфармацыю мала хто зьвярнуў увагу.

Яшчэ напярэдадні адкрыцьця ХХІХ Алімпійскіх гульняў амэрыканскі часопіс Time апублікаваў артыкул пад саркастычнай назвай: “Як палітыкі байкот Алімпійскіх гульняў байкатавалі”. Партал “Газэты Выборчай” (gazeta.pl) перадрукаваў гэты артыкул, дадаўшы да яго сатырычны каляж. Кожнае зь пяці алімпійскіх кольцаў упрыгожвалі фатаграфіі кіраўнікоў пяці дзяржаваў: Аляксандра Лукашэнкі, прэзыдэнта Бразіліі Лулы да Сільвы, КНР – Ху Цзіньтао, ЗША – Джорджа Буша і кіраўніка польскага ўраду Дональда Туска. Усе яны, за выключэньнем Туска, узялі ўдзел у цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Пэкіне.

Пачатак яе супаў з пачаткам вайны ў Грузіі, што зусім не адбілася на гульнях, як і гвалт у Тыбэце. Да пачатку зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 у Сочы застаецца пяць з паловай гадоў, але ўжо цяпер ясна, што размовы пра магчымасьць пераносу Алімпіяды з Расеі ў іншую краіну празь яе палітыку на Каўказе так і застануцца размовамі.

Кітайскія цырымоніі

Сярод кіраўнікоў дзяржаваў адмовіліся ад паездкі ў Пэкін (на адкрыцьцё) прэзыдэнты Польшчы Лех Качыньскі, Украіны Віктар Юшчанка, Літвы Валдас Адамкус, Эстоніі Томас Гэндрык Ільвэс. Тыя самыя кіраўнікі першымі наведалі Тбілісі,
каб выказаць салідарнасьць з народам Грузіі. Да іх далучыўся яшчэ прэзыдэнт Латвіі Валдыс Затлерс, які на цырымоніі ў Пэкіне прысутнічаў.

На самой Алімпіядзе ўзброены канфлікт на Каўказе праігнаравалі. Заклік лідэра праваабарончай арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў” Рабэра Мэнара адхіліць ад удзелу ў спаборніцтвах Грузію й Расею не пачулі, як і заявы праваабаронцаў пра поўную адсутнасьць свабоды прэсы ў кітайскай сталіцы падчас гульняў. За межамі Кітаю многія сайты ды блогі з замілаваньнем паведамлялі, як расейская ўладальніца “срэбра” ў страляніне зь пісталету абдымалася з бронзавай прызёркай, сваёй сяброўкай з Грузіі.

На цырымоніі адкрыцьця прысутнічаў прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, які яшчэ ўвесну, адразу пасьля крывавай расправы кітайскіх войскаў над удзельнікамі паўстаньня ў Лхасе, прыхільна ставіўся да ідэі байкоту Алімпійскіх гульняў. Але

варта было кітайцам у красавіку абвясьціць байкот… Carrefour, францускай сетцы супэрмаркетаў, Сарказі хуценька зьмяніў сваё меркаваньне. Джордж Буш таксама не прыслухаўся да парады кандыдата ў прэзыдэнты ЗША рэспубліканца Маккэйна ня ехаць у Пэкін на Алімпіяду.

Палова кіраўнікоў краінаў “вялікай восемкі” не ўшанавалі сваёй прысутнасьцю яе адкрыцьцё. Гэта канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель (яна была на той момант у адпачынку), прэм’ер-міністар Канады Стывэн Гарпэр і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн. Але ж на закрыцьцё ён прыехаў – усё-ткі наступная Алімпіяда будзе ў Лёндане. Цікавае тлумачэньне сваёй адсутнасьці ў Пэкіне даў італьянскі прэмьер Сільвіё Бэрлюсконі. Паводле яго словаў, прычынаю сталася … надвор’е ў кітайскай сталіцы – 30 градусаў гарачыні, высокая вільготнасьць. Такое надвор’е ў Італіі ўлетку, відаць, рэдка назіраецца.

Вельмі хутка мы пабачылі Ангелу Мэркель і Нікаля Сарказі ў ролі міратворцаў – гэтае слова ў дадзеным выпадку можна ўжыць без усялякай іроніі. Менавіта Сарказі першым прапанаваў тыя шэсць пунктаў мірнага пляну, які ляжа ў аснову пагадненьня аб разьвязаньні канфлікту, што падпішуць праз пасярэднікаў Мядзьведзеў і Саакашвілі. Але не забудзе, відаць, міжнародная супольнасьць і кадры, на якіх Сарказі, адказваючы ў Маскве на пытаньне карэспандэнткі францускай “Liberation” пра адсутнасьць у пляне гарантыяў тэрыятарыяльнай цэласнасьці Грузіі, круціўся, бы вужака на патэльні, спрабуючы давесьці, што гэтая саступка расейскаму боку ня ёсьць праявай слабасьці й баязльлівасьці.

Калі гавораць гарматы, МАК маўчыць

Насамрэч, усе заходнія лідэры ў сярэдзіне жніўня перажылі сапраўдны шок. Яны не чакалі нагэтулькі агрэсіўных дзеяньняў з боку Масквы і ня ведалі, што можна ім супарацьпаставіць, чым гэтыя дзеяньні пагражацьмуць сьвету. У параўнаньні з Расеяй Кітай выглядаў на той момант у вачах Захаду параўнальна міралюбнай, прынамсі, прадказальнай дзяржавай, дзе максымальная пагроза для заходняй дэмакратыі – гэта затрыманьне некалькіх заходніх турыстаў падчас акцыяў салідарнасьці з Тыбетам. На тле бесцырымоннага затрыманьня, напрыклад, афіцыйнага прадстаўніка АБСЭ ў Грузіі расейскімі міратворцамі, гэта былі ўсяго толькі нязначныя эксцэсы…

Падзеі ў Грузіі, апрача іншага, канчаткова разьвеялі міф пра тое, што падчас Алімпіядаў у сьвеце уладараць мір і спакой. Хоць прыкладаў таго, што гэта ня так, хапала і раней.

Алімпіяда ў Бэрліне, 1936 год. Нямецкія войскі ўжо даўно ўвайшлі, насуперак Вэрсальскай мірнай домове, у “Рэйнскую дэмілітарызаваную зону”, ужо ні для кога не сакрэт, што стаіць за расісцкімі прамовамі фюрэра і яго заявамі пра ўставаньне нямецкага народу з каленяў. Тым ня менш, Алімпіяда ператвараецца для гітлерскай Нямеччыны ў трыюмф волі, увасоблены ў аднайменным фільме Лені Рыфэншталь.

1952 год, Хэльсінкі. Халодная вайна ў разгары. Параза футбольнай зборнай Савецкага Саюзу на Алімпіядзе з буйным лікам ад “рэвізіянісцкай” Югаславіі ледзь ня скончылася для савецкіх футбалістаў рэпрэсіямі.

1956 год, Мэльбурн. Уварваньне савецкіх войскаў у Вугоршчыну ў траўні, здушэньне нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Будапэшце не перашкодзіла гасьціннаму прыёму савецкіх алімпійцаў увосені ў Аўстраліі.

1968 год, Мэхіка. Увараваньне войскаў Арганізацыі Варшаўскага пакту начале з СССР у Чэхаславаччыну ніяк не паўплывала на Алімпіяду ў сталіцы Мэксыкі.

1972 год, Мюнхэн. Палестынскія тэрарысты ўчыняюць крывавую бойню, расстраляўшы 11 ізраільскіх спартоўцаў, захопленых у закладнікі. МАК абвяшчае…перапынак на адзін дзень. Гульні пакінулі толькі ізраільскія спартоўцы ды частка амэрыканскай каманды (у тым ліку, папярэднік Майкла Фэлпса, тагачасны шматразовы чэмпіён у плаваньні Марк Сьпітц), а яшчэ галяндцы, а таксама некаторыя арабскія дэлегацыі – зь меркаваньняў бясьпекі.

1980 год, Масква. Байкот Алімпіяды з прычыны вайны ў Аўганістане, арганізаваны Захадам, ня меў чаканага плёну. У Маскву прыехалі ня толькі каманды сацлягеру (за выключэньнем КНР), але ў прыватным парадку і спартоўцы некаторых заходніх краінаў, у тым ліку ЗША. У выніку СССР “заваяваў” 80 залатых мэдалёў. Гэты рэкорд не ўдалося паўтарыць нават на Аліміпіядзе ў Пэкіне, дзе кітайцам давялося задаволіцца “ўсяго” 51 залатым мэдалём.

1984 год, Лос-Анджэлес. Аліміпіяду на загад Масквы байкатуюць сацыялістычныя краіны, за выключэньнем Румыніі і Кітаю. У Эўропе тым часам разьмяшчаюцца амэрыканскія “Пэршынгі”.

1992 год. Барсэлёна. Армяна-азэрбайджанскі канфлікт, узброеныя канфлікты ў Грузіі і Малдове, грамадзянская вайна ў Югаславіі – усё гэта МАК не палічыў падставаю для адмены Алімпійскіх гульняў.

Залатая ліхаманка

Безумоўна прыемна, што беларускія спартоўцы заваявалі 19 мэдалёў, зь якіх 4 – залатыя. Тым больш прыемна, што большую палову іх заваявалі атлеты і барцы (барацьба ў старажытнай Грэцыі існавала яшчэ задоўга да пачатку першых Алімпійскіх гульняў). Пра гісторыю вясьлярства на байдарках і каноэ “Наша Ніва” пісала.

Пры ўсёй павазе да іншых алімпійскіх дысцыплінаў, у тым ліку тэхнічных, ня кожны заўзятар, напэўна, добра разьбіраецца ў новаўвядзеньнях. Што такое ВМХ, напрыклад? ВМХ – гэта ровары зь нізкай рамай і калёсамі безь пераключальнікаў хуткасьці. Спаборніцтвы з выкарыстаньнем такіх ровараў упершыню былі ўлучаныя ў праграму Алімпійскіх гульняў. У выніку першы ў гісторыі залаты алімпійскі мэдаль у гэтай дысцыпліне сярод мужчынаў заваяваў прадстаўнік Латвіі. І застаўся адзіным яе залатым мэдалём у Пэкіне.

З аднаго боку, павелічэньне колькасьці дысцыплінаў і адпаведна – мэдалёў – з кожнай новай Алімпіядай дае шанец на іх атрыманьне нават самым маленькім краінам: такім, як Багамскія выспы, напрыклад, ці Маўрыкій. З другога боку, перамогі вялікага спрынтэра зь Ямайкі Усэйна Болта ды іншых ямайскіх бегуноў ня могуць схаваць той факт, што большасьць ямайскіх, багамскіх і іншых спартоўцаў жывуць і трэніруюцца ў ЗША.

Спорт, у тым ліку алімпійскі, даўно зрабіўся магутнай прыбытковай індустрыяй, якая патрабуе ўсё новых дысціплінаў. І лідзіруючыя пазыцыі ў спорце нязьменна займаюць найбольш індустрыяльна разьвітыя краіны.
Зь дзяржаваў G8 у першую дзясятку па мэдалях у Пэкіне ня трапіла толькі Канада, якая заняла 19-месца. Яе апярэдзіла, сярод іншых, Беларусь (16-е). А Вялікая Брытанія дасягнула самага значнага посьпеху ў сваёй спартовай гісторыі за апошнія 100 гадоў, прапусьціўшы наперад толькі Расею, ЗША і Кітай.

Ня варта верыць байкам пра тое, што зь кітайскіх спартоўцаў зрабілі біяробатаў з дапамогай жалезнай дысцыпліны ды ўсходніх прэпаратаў, якія не пакідаюць сьлядоў у крыві, а то й геннай інжынэрыі. Хапіла, відаць, і стымулу ў выглядзе мільёна даляраў за чэмпіёнства. А ў тым, што ўсе арбітры падчас гульняў у Пэкіне пастаянна адчувалі на сабе прэсінг трыбунаў (а можа, і ня толькі трыбунаў) – сумнявацца не даводзіцца.

Удзельнік спаборніцтваў у грэка-рымскай барацьбе Ара Абрамян, які выступаў у Пэкіне пад сьцягам зборнай Швэцыі, на цырымоніі ўзнагароджаньня сарваў зь сябе бронзавы мэдаль і кінуў яго на дыван. Не, гэта ня быў пратэст супраць здушэньня Тыбэту ці вайны ў Грузіі.

Адзінай палітычнай акцыяй на Аліміпядзе можна лічыць тое, што сьцяг ЗША на заключнай цырымоніі несла грузінка.
Спартовец пратэставаў супраць неаб’ектыўнага рашэньня прысудзіць перамогу ягонаму італьянскаму спаборніку ў паўфінале. Між іншым,
Міжнародны арбітражны суд, куды зьвярнуўся Абрамян, прызнаў рацыю спартоўца, а не алімпійскага камітэту. Магчыма, створаны прэцэдэнт? Прынамсі, гэта лепш, чым біць арбітра нагой у галаву, як зрабіў кубінскі таэквандыст.

Значна больш, чым неаб’ектыўнае судзейства і допінгавыя скандалы, засмучае тое, як Алімпійскія гульні ў пачатковым сэнсе гэтага слова ўсё больш ператвараюцца ў пампэзнае, безгустоўна-папсовае шоў. Ад мэгаламаніі – характэрнай, напрыклад, для Алімпіядаў у Бэрліне, Маскве, а цяпер і Пэкіне – патыхае афіцыйным патасам і невыносным сумам.

Але няма чаго наракаць на арганізатараў спаборнцітваў. Спрактыкаванаму і крыху стомленаму ад відовішчаў сучаснаму гледачу, бадай, даўно няма розьніцы, што глядзець па тэлевізары – апошні блёкбастэр з кампутарнай графікай, цырымонію адкрыцьця й закрыцьця Алімпіяды (крыху падмаляваную на кампутары, каб было прыгажэй), жаночы бокс, які нам абяцаюць паказаць на наступных Алімпійскіх гульнях, цаляньне ў талерачкі, ці бамбаваньне сёлаў і гарадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?