У панядзелак у Дэнвэры (штат Каларада) адкрываецца чатырохдзённы перавыбарчы зьезд амэрыканскіх дэмакратаў.

Яго ўжо ахрысьцілі гістарычным: адна з найбуйнейшых партый ЗША упершыню вылучыць на ім афраамэрыканца кандыдатам у прэзыдэнты.

Першыя тры дні зьезд будзе праходзіць у дэнвэрскім спартовым палацы Pepsi Center, дарэчы, на гэтай лядовай арэне выступае клюб Нацыянальнай хакейнай лігі «Каларада Эвэланш», за які гуляе беларус Руслан Салей.

У чацьвер зьезд перанясецца на мясцовы футбольны стадыён, на якім Барак Абама выступіць з праграмнай прамовай перад 75 тысячамі сваімі прыхільнікамі.

Дзень 28 жніўня абраны не выпадкова, паколькі на яго прыходзіцца 45-я гадавіна знакамітай вашынгтонскай прамовы Марціна Лютэра Кінга, якая большасьці запомнілася рэфрэнам "У мяне ёсьць мара...".

У аўторак да дэлегатаў зьезду зьвернецца ужо былая суперніца Абамы сэнатар Хілары Клінтан, якая заклікае сваіх прыхільнікаў галасаваць у лістападзе за яго

Дзень звароту місіс Клінтан таксама выбраны ня проста так. 26 жніўня спаўняецца 88 гадоў (1920) 19-й папраўцы да Канстытуцыі ЗША, якая надзяліла жанчын правам голасу.

Гэтыя дэталі лішнім разам паказваюць, наколькі дэталёва рыхтуюць палітэхнолягі Абамы гэтае мерапрыемства.

Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у ЗША 4 лістапада. Супрацьстаяць Абаму будзе кандыдат ад рэспубліканцаў Джон Маккейн.

Барак Абама прапанаваў пасаду віцэ-прэзыдэнта сэнатару ад штату Дэлавэр Джозэфу Байдэну, экспэрту-міжнародніку. Байдэн, у прыватнасьці, прылятаў з гуманітарнай місіяй у Тбілісі, і ён прыхільнік санкцый у дачыненьні да Расеі. У сэнаце Байдэн засядае ад 1972 г.

Ул. інф. + паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0